Лепшая «Беларуская хата» ў нашым Падлессі

Шануюць і шчыра клапоцяцца пра багатую народную і культурную спадчыну землякі. Беражліва збіраюць матэрыялы пра тое, як жылі нашы продкі, чым займаліся, якія прылады дапамагалі ў сялянскай справе, як ладзілі вольны час, якія песні спявалі, у якія гульні гулялі.

Не меншая цікавасць у сённяшніх пакаленняў і наконт традыцыйнага ўбранства дамоў колішніх жыхароў Ляхавіччыны,
адзення і абутку, што насілі продкі, прадметаў хатняга ўжытку.
Падведзены вынікі абласнога конкурсу бібліятэчных праектаў «Сельская бібліятэка – партрэт у сучасным інтэр’еры». Такі конкурс не пакінулі без увагі і творчыя супрацоўнікі Ляхавіцкай раённай цэнтралізава-най бібліятэчнай сістэмы. У намінацыі «Матчына хата» дыпломам І ступені за афармленне ўнутранай прасторы бібліятэкі ў краязнаўчым накірунку, стварэнне музейнага пакоя «Беларуская хата» і крэатыўны падыход узнагароджана Падлеская сельская бібліятэка.
– Як гаворыцца, збіралі экспанаты ўсім светам. Адгукнулася нямала жыхароў Падлесся і бліжэйшых вёсак. Некаторыя прыносілі рэчы, якімі карысталіся яшчэ напачатку мінулага стагоддзя іх бабулі і дзядулі з просьбай захаваць. Куфар, ложак, прасы, ліхтары, бязмены, коўдры, ручнікі, разнастайны посуд, у тым ліку драўляны, нават цвёрды адэкалон – далёка не поўны пералік таго,чым багата наша вяс-ковая хата, – расказвае бібліятэкар Падлескай СБ Ларыса Глеб.
Галіна КАНЬКО.