Ляхавіччына: незвычайныя прыгоды і цудоўныя падарункі
Багатым на весялосць і незабыўныя эмоцыі для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак стаў мінулы чацвер. Спачатку ў ГДК на раённае дабрачыннае свята з удзелам кіраўніцтва раёна «Бясконцая гісторыя, ці Незвычайныя прыгоды напярэдадні Новага года» запрасілі сотню рабят – тых, хто паказвае выдатныя вынікі ў вучобе, спорце, творчасці, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, а таксама хлопчыкаў і дзяўчынак, якія засталіся без бацькоўскай апекі і выхоўваюцца ў дамах сямейнага тыпу, замяшчальных сем’ях. Цёпла і шчыра павітаў рабят і павіншаваў з надыходзячымі навагоднімі святамі старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.
Не толькі дзеці, а і дарослыя з захапленнем назіралі за прыгодамі персанажаў тэатралізаванага прадстаўлення, падрыхтаванага педагогамі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Потым дзейства перамясцілася да лясной прыгажуні. Цікавую гульнявую праграму падрыхтавалі работнікі ГДК. Спявалі, танцавалі, гулялі, адгадвалі загадкі. І вось ён, салодкі фінальны акорд – кожны юны ўдзельнік дабрачыннага свята атрымаў падарунак (дарэчы, набыты салодкія пачастункі за кошт раённага бюджэту).
У другой палове дня 29 снежня акцыя «Нашы дзеці» завітала ў Ляхавіцкую СДЮШАР, дзе чарговы раз было пацверджана: падарункі прыемна не толькі атрымліваць, але і дарыць. Святочнае навагоддзе сабрала разам выхаванцаў СДЮШАР, іх трэнераў, кіраўніцтва Ляха-віцкага райвыканкама і райсавета. Па-спартыўнаму выхаванцы СДЮШАР сустракаюць 2023-і – навагодняй спартландыяй. Госці павіншавалі юных спартсменаў з надыходзячым 2023 годам і пажадалі пакарыць новыя спартыўныя вяршыні. А ў якасці падарункаў перадалі мячы для розных гульнявых відаў спорту, спартыўны інвентар для аддзялення лёгкай атлетыкі, дзюдо. А музычныя калонкі – рэч патрэбная ўсім. Увогуле без падарункаў не пакінулі ні адно з аддзяленняў спартыўнай школы, а кожны ўдзельнік спартландыі атрымаў сувенір. Спартыўны навагодні падарунак «заважыў» на 5,5 тысячы рублёў, выдаткаваных з раённага бюджэту.
– Задаволены – не тое слова. Любы спартыўны інвентар ніколі лішнім не будзе. А тут усё такое якаснае і, самае галоўнае, неабходнае. Таму вельмі рады такому прыемнаму сюрпрызу. Раённая ўлада пастаянна клапоціцца, каб у СДЮШАР былі створаны належныя ўмовы для заняткаў спортам і для прапаганды здаровага ладу жыцця, –
адзначае дырэктар СДЮШАР Валянціна Русакевіч.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.