Ад усёй нашай душы. Дабрачынная акцыя «Ад усёй душы» стартавала ў Беларусі. З першых крокаў да яе далучылася і Ляхавіччына

Па ініцыятыве Кіраўніка дзяржавы, агучанай на дабрачынным свяце, прысвечаным акцыі «Нашы дзеці», дадзены старт рэспубліканскай дабрачыннай акцыі для пажылых «Ад усёй душы».
Арганізатары акцыі – Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства адукацыі сумесна з грамадскімі аб’яднаннямі «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя».

Першай ластаўкай у чарадзе добрых спраў у межах акцыі «Ад усёй душы» ў нашым раёне стала мерапрыемства, ініцыяванае раённай арганізацыяй Таварыства Чырвонага Крыжа пры ўдзеле тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
– З салодкімі падарункамі і цёплымі, шчырымі віншаваннямі завіталі ў дамы ляхавічанак Соф’і Кардаш і Аліны Багдановіч – ветэранаў працы, якія адзначалі свой дзень нараджэння менавіта 3 студзеня. Вельмі прыемна, што сюрпрыз спадабаўся імянінніцам. Не менш задавальнення і радасці адчулі і тыя, хто віншаваў. Прыемна ствараць добры настрой іншым. А Чырвоны Крыж чарговы раз пацвердзіў адзін з асноўных накірункаў сваёй дзейнасці: дапамагаць тым, каму гэта асабліва неабходна. Удзячны і ТЦСАН, які заўжды падтрымлівае нашы добрыя пачынанні, – расказвае старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык.
Дарэчы, акцыя «Ад усёй душы» ў выкананні гэтай грамадскай арганізацыі будзе прадоўжана: напярэдадні праваслаўных Калядаў падарункі прыйдуць у дом падапечных – інвалідаў І і ІІ групы, якія абслугоўваюцца малодшымі сёстрамі міласэрнасці пры раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа.
Да рэспубліканскай акцыі «Ад усёй душы» актыўна далучылася моладзь – навучэнцы, школьнікі. Робім дабро разам!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА