Прафсаюзныя адзнакі. Галіновыя прафсаюзы падвялі вынікі работы за год

Галіновыя прафсаюзы падводзяць вынікі работы райкамаў і пярвічак, вызначаюць задачы на 2023 год, аналізуюць зробленае. На парадку дня і накірункі дзейнасці.
27 снежня адбыўся V пленум раённага камітэта Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, а на наступны дзень – VII пленум Ляхавіцкай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Важныя накірункі
У рабоце пленума галіновага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі прыняў удзел старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі прафсаюза Іван Васіленка.
1509 – колькасць членаў прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, з якіх 993 складаюць працуючыя (97,7 працэнта ад агульнай колькасці).
Сацыяльная абароненасць і аздараўленне членаў прафсаюза – важны накірунак дзейнасці арганізацыі. У жніўні – верасні ва ўсіх установах адукацыі раёна былі заключаны калектыўныя дагаворы на
2022–2025 гады, і сёння 30 з іх ужо ў дзеянні.
Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза Людміла Буцько акцэнтавала ўвагу на абароне правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза, стварэнні здаровых і бяспечных умоў працы, дзейнасці грамадскіх камісій і грамадскіх інспектараў па ахове працы.
Гаварылі на пленуме і пра важкую ролю калектыўна-дагаворных адносін, патрыятызм, спрыяльны маральна-псіхалагічны клімат у працоўных калектывах, многае іншае.
Па традыцыі актыўныя ўдзельнікі прафсаюзнага руху атрымліваюць ўзнагароды рознага ўзроўню. Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская ўзнагароджана Ганаровай граматай абкама прафсаюза. Падзякай адзначаны галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Марына Глушко, настаўнікі Начаўскай СШ Дзіна Янушкевіч і Святлана Чаранкевіч, настаўнік Тухавіцкай СШ Людміла Русакевіч, повар Жарабковіцкага дзіцячага сада Алена Кендыш.

Навічкі ў прафсаюзнай сям’і
Пытанні занятасці і заработнай платы, калектыўна-дагаворнага рэгулявання і аховы працы, прававая работа, стан унутрыпрафсаюзнай і выканальніцкай дысцыпліны, праграмы дзейнасці прафсаюза працаўнікоў аграпрамысловага комплексу на 2020–2025 гады – у цэнтры ўвагі раённай прафсаюзнай арганізацыі. У 18 пярвічках прафсаюза работнікаў АПК – 2461 чалавек.
Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Чура адзначыла, што ў сельгасарганізацыях і прадпрыемствах павялічваецца колькасць членаў прафсаюза. 14 арганізацый маюць 100-працэнтны ахоп працуючых прафсаюзным членствам, у чатырох – вышэй за
97 працэнтаў.
Сярод першачарговых задач – захаваць стабільнасць у працоўных калектывах, не дапускаць прыняцця рашэнняў, якія пагаршаюць становішча людзей, у сувязі з чым значна ўзрастае роля прафсаюзных камітэтаў у жыцці калектываў. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу стварэння прафсаюзных арганізацый на кожным прадпрыемстве незалежна ад формы ўласнасці.
Сёлета ў прафсаюзе работнікаў АПК папаўненне – на пленуме Ірына Чура ўручыла дырэктару КУП «Ляхавіцкі аграхімсэрвіс» Анатолію Ксёнжыку пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.
За добрасумленныя адносіны да працы, актыўную работу па абароне працоўных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза Ганаровай граматай Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўзнагароджана член райкама намеснік дырэктара ААТ «Нача» Галіна Рамейка, Падзякай – старшыня прафсаюзнай пярвічкі ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» Вольга Матуліс. Падзячным пісьмом райкама прафсаюзаў адзначаны старшыня рэвізійнай камісіі Ляхавіцкай раённай прафсаюзнай арганізацыі галоўны бухгалтар ААТ «Жарабковічы» Таццяна Герус і старшыня пярвічнай арганізацыі СУП «Ліпнянка» Вольга Валчок.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.