Гарызонты рамонту. Сельскагаспадарчыя арганізацыі Ляхавіцкага раёна працягваюць рыхтавацца да сезона палявых работ

Брыгадзір трактарнай брыгады СВК «Ляхавіцкі» Яўгеній Гаўрыльчык і механізатар Генадзій Граблюк.

Сельскагаспадарчыя арганізацыі працягваюць рыхтавацца да сезона палявых работ. Калі ж, як не зімой, гаспадаркам спраўляць свежыя і выпраўляць меўшыя ўжо вытворчую практыку яравыя пасяўныя «колы»?

Старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко (справа) і інжынер Андрэй Новік.

Толькі палі і, вельмі верагодна, пэўная частка некаторых катэгорый сельскагаспадарчых работнікаў на самым піку зімовай пары знаходзяцца ў чарговым штогадовым адпачынку. Але гэта не пра рамонтнікаў, інжынерна-тэхнічныя службы гаспадарак. У апошніх застаецца крыху больш за два месяцы, каб прывесці ўвесь шлейф сваёй глеба-апрацоўчай тэхнікі ў палявую гатоўнасць. Нагадаем, у адпаведнасці з рэкамендацыямі, усе машыны, агрэгаты і механізмы так званага першачарговага выхаду павінны быць падрыхтаваны да работы не пазней 31 сакавіка.
Як паведамілі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, нямала ў гэтым накірунку ўжо зроблена. Яшчэ з восені многія аграрыі, перш чым паставіць той ці іншы агрэгат на міжсезоннае захоўван-не, звярталі ўвагу на яго тэхнічную спраўнасць. Пры неабходнасці і наяўнасці магчымасцяў выконваліся не толькі абавязковыя ў такім выпадку падрады па кансервацыі, але і праводзіліся неабходныя рамонтна-аднаўленчыя работы. Мэта рацыянальная: паставіць спраўнае, а з надыходам новага сезона палявых клопатаў толькі і застаецца, што ажыццявіць раскансервацыю, звярнуць увагу на неабходныя настройкі – і сеялка, напрыклад, гатова стаць у баразну.
Іншы момант: мінулыя лістапад і дастаткова снежны снежань вяскоўцы не марнавалі час дарэмна. У тым ліку і «рамантаваліся». І дасягнулі ў гэтым накірунку пэўных вынікаў.
Па інфармацыі райсельгасхарчу, па стане на пачатак 2023 года ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна налічваўся 271 трактар. Машыны самыя розныя: ледзь ці не ўсе класы «беларусаў», самымі хадавымі і папулярнымі з якіх з’яўляюцца машыны пад індэксамі 1221 і 3022. Разам іх у аграрыяў раёна амаль дзевяць дзясяткаў. Яшчэ – разнастайныя і больш магутныя айчынныя браты апошніх – расійскія «кіраўцы», машыны вытворчасці краін далёкага замежжа.
На пачатак года з 271 машыны ў спраўным стане знаходзілася 239. Такім чынам, працэнт гатоўнасці складаў некалькі больш за 88 пунктаў. Здаецца, гэта дастаткова нядрэнны «гарызонт гатоўнасці». Асабліва з улікам таго факта, што ў запасе маюцца тыдні часу, каб паскорыцца з рамонтам і ў тэрмін да пачатку яравых работ выйсці на паказчык гатоўнасці блізкі да максімальна магчымай лічбы.
Працэнт гатоўнасці плугоў знаходзіцца ў параў-нальнай адпаведнасці з трактарамі. З 19 у агульнай колькасці дыскавых барон і дыскатараў не адрамантаваным працягвае заставацца адзін экзэмпляр гэтага віду сельгасмашын. З 19 адзінак камбінава-ных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў спраўнымі з’яўляюцца 15, а з 33 камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў у рабочы стан прыведзе-ны 27.
Сеялкі зерневыя, для буракоў і кукурузы, ільносеялкі, бульбасаджалкі, машыны для ўнясення арганікі, цвёрдых і вадкіх мінеральных удабрэнняў і асобныя іншыя машыны, неабходныя для якаснага старту і правя-дзення няхуткай яшчэ яравой кампаніі, знаходзяцца ў раёне ў рознай ступені гатоўнасці – ад 100-працэнтнай па асобных найменнях агрэгатаў да 80-працэнтнай па іншых.
А прыкладам падрыхтоўкі да палявой вясны можа лічыцца СВК «Ляхавіцкі». Гаспадарку мы наведалі ў мінулы панядзелак. Убачылі, што рамонтна-механічныя майстэрні «жывуць» і працуюць. Але без аншлагу і аўралаў, у нейкім, як падалося, лайтовым рэжыме. З 32 трактароў гаспадаркі даадрамантаваць засталося адзін. Плугі, глебаапрацоўчыя агрэгаты, сеялкі розных відаў і мадыфікацый да сустрэчы вясны гатовы на ўсе 100. Застаюцца некаторыя пытанні па машынах, прызначаных для мінімальнай апрацоўкі глебы. Але ж і час апрацоўкі гэтай самай глебы яшчэ далёка не надышоў.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.