Акцыя, ад якой цёпла на душы. На Ляхавіччыне актыўна праходзіць рэспубліканская дабрачынная акцыя «Ад усёй душы»

БОЛЬШ ФОТА НА САЙЦЕ «ЛВ»

Студзень упэўнена і натхнёна падхапіў у снежня калейдаскоп добрых навагодне-калядных спраў.
І цяпер у цэнтры агульнага клопату і ўвагі – грамадзяне пажылога ўзросту. Менавіта яны – галоўныя дзеючыя асобы рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы».

Разнастайныя віншавальна-ўшанавальныя мерапрыемствы праходзяць і на Ляхавіччыне.
– У Беларусі 2023 год – Год міру і стварэння. Прэзідэнт дзяржавы
Аляксандр Лукашэнка падчас навагодняга звароту падкрэсліў: каб і далей жыць у свабоднай і незалежнай дзяржаве, неабходна берагчы і абараняць гістарычную памяць, духоўныя каштоўнасці і спрадвечныя традыцыі. Адна з традыцый – павага да старэйшых пакаленняў, а клопат пра іх – істотная частка сацыяльнай палітыкі ў Беларусі. Новая акцыя «Ад усёй душы» накіравана менавіта на тое, каб ахапіць клопатам і падтрымкай нашых паважаных ветэранаў вайны і працы. Па ініцыятыве актывістаў Маладзёжнага парламента пры райсавеце і БРСМ мы ўзялі своеасаблівае шэфства над жыльцамі Ганчароўскага дома сумеснага пражывання. Раней прывозілі сюды садавіну і агародніну, потым забяспечылі дровамі. А падчас калядных і навагодніх святаў прайшла цёплая сустрэча, сапраўдная, ад усёй душы, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч.
У мінулы панядзелак прадстаўнічая дэлегацыя ў складзе старшыні райвыканкама Мікалая Мароза і кіраўніка дэпутацкага корпуса раёна Юрыя Чаранкевіча, прадстаўнікоў сацыяльнай служ-бы, БРСМ, Маладзёжнага парламента пры райсавеце дэпутатаў з падарункамі і цёплымі віншаваннямі наведала Ганчароўскі дом сумеснага пражывання для пажылых грамадзян і інвалідаў. Шчырая размова за кубачкам чаю, успаміны і расказы з вуснаў тых, хто мае багаты жыццёвы шлях, шчырая зацікаўленасць моладзі, у чыіх руках будучыня нашай краіны, і, канешне, музычныя нумары, падрыхтаваныя маладымі артыстамі ГДК – некаторыя імгненні незабыўнай сустрэчы.
– Вельмі рада, што прыняла ўдзел у такім мерапрыемстве. Гэта ўнікальная магчымасць аддаць даніну павагі землякам –
прадстаўнікам старэйшага пакалення. Нам, сённяшнім маладым, цікава, як жылі людзі раней, як уладкоўвалі сваё жыццё, як адпачывалі. А яшчэ нам неабыякава гісторыя любімай Беларусі, і мы гатовы прымнажаць яе добрымі справамі. Успаміны ад сустрэчы – самыя-самыя пяшчотныя. У нашай школе мы арганізоўвалі дабрачынную акцыю, падчас якой збіралі падарункі і перадавалі іх напярэдадні Новага года і Калядаў дзеткам, якія наведваюць ЦКРНіР, а таксама разам з іншымі актывістамі БРСМ пабывалі ў дзіцячым аддзяленні райбальніцы, – гаворыць дзесяцікласніца СШ № 1 Таццяна Кучук.


У мінулы чацвер чарговую сумесную добрую справу арганізавалі і правялі супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і валанцёры раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа.
– З задавальненнем падтрымалі ініцыятыву павіншаваць з навагоддзем і Калядамі паважаных пажылых землякоў. Рабяты з гарадскіх школ разам з валанцёрамі «сярэбранага ўзросту» Чырвонага Крыжа пры ўдзеле Дзеда Мароза і Снягуркі падрыхтавалі цікавую віншавальную праграму, з выдатным настроем і падарункамі завіталі да ветэранаў вайны і працы. Сапраўды, такія акцыі аб’ядноўваюць розныя пакаленні, вучаць дзяцей і моладзь суперажываць. А грамадзяне пажылога ўзросту адчуваюць сваю неабходнасць і тое, што іх не забываюць, – адзначыла намеснік дырэктара ТЦСАН Вольга Богдан.
Вясёлая дружная каманда з падарункамі і пажаданнямі моцнага здароўя, аптымізму, дабрыні і міру пабывала ў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Пракапенкі, былых вязняў фашысцкіх канцлагераў Зоі Осіпавай і Ніны Папянюк, адзінокіх ветэранаў працы
Клаўдзіі Здановіч, Раісы і Канстанціна Зелянеўскіх, Уладзіславы Пянткоўскай.
Радасць на тварах пажылых землякоў, добры настрой ва ўсіх, атмасфера добразычлівасці і вяселля – яскравае пацвярджэнне, што такія акцыі патрэбныя.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.