Сэнс у працы і стварэнні. Кіраўніцтва раёна сустрэлася з ідэалагічным актывам Ляхавіччыны
Пра любоў да Айчыны і малой радзімы, патрыятызм, гістарычную памяць і многае іншае ішла размова на сустрэчы кіраўніцтва раёна з ідэалагічным актывам Ляхавіччыны, якая адбылася 20 студзеня.

Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз адзначыў, што задач на сёння стаіць шмат. І ад укладу кожнага залежыць, якім будзе наш заўтрашні дзень. У Год міру і стварэння важна захаваць стабільнасць і ўсяляк яе падтрымліваць, нягледзячы ні на што. А яшчэ перадаць падрастаючаму пакаленню гістарычную памяць, якая не мае тэрміну даўнасці. Той, хто не памятае свайго мінулага, не можа вынесці ўрокі на будучыню. Добрасумленна працаваць і цаніць тое, што маем, ганарыцца сваёй краінай, малой радзімай – неаспрэчныя ісціны, падкрэсліў кіраўнік раёна.

Пра работу ідэалагічнага актыву ў 2022 годзе і задачы на 2023-і расказала галоўны спецыяліст ідэалагічнага аддзела, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч. У прыватнасці, яна акрэсліла напрамкі дзейнасці ідэалагічных работнікаў у Год міру і стварэння. Сярод іх удасканаленне патрыятычнага выхавання, прасоўванне мірных ініцыятыў, садзейнічанне міжканфесійнаму дыялогу, які забяспечвае мір і згоду ў беларускім грамадстве, папулярызацыя стваральнай працы, іншае.
Справаздачу аб арганізацыі ідэалагічнай работы ў СШ № 1,
ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» і ААТ «Жарабковічы» трымалі намеснікі дырэктараў, якія адказваюць за гэты напрамак дзейнасці ў сваіх установах і прадпрыемствах.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч выказала пажаданне, каб працоўныя калектывы актыўней прымалі ўдзел у раённых мерапрыемствах і спаборніцтвах і абавязкова прыцягвалі ў іх моладзь. Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч падкрэсліў, што неабходна больш актыўна працаваць з моладдзю, якая павінна таксама праяўляць сябе і ініцыяваць розныя важныя справы.
У Год міру і стварэння неабходна сумеснымі намаганнямі прыдумаць адметныя «фішкі», якія будуць праслаўляць і вылучаць Ляхавіччыну сярод іншых, абазначыў задачу кіраўнік раёна Мікалай Мароз.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.