Не павінна паўтарыцца! 27 студзеня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр халакосту

На акупіраванай фашысцкай Германіяй тэрыторыі СССР у гады Вялікай Айчыннай вайны было забіта больш за 1 500 000 яўрэяў – больш за 70 працэнтаў ад колькасці прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці, якія жылі ў Савецкім Саюзе (па стане на 1 верасня 1939 года). Не абмінулі трагічныя падзеі халакосту і Ляхавіччыну. Нямала месцаў на тэрыторыі нашага раёна непарыўна звязана са страшнымі падзеямі, што адбываліся тут на працягу трох гадоў: з чэрвеня 1941 па ліпень 1944 года.

Як толькі ў гады Вялікай  Айчыннай вайны ўсталяваўся новы гітлераўскі парадак, стала відавочна: зверскія расправы, што ўчынялі фашысты над яўрэямі ў краінах Еўропы, не абмінуць і прадстаўнікоў
гэтага народа ў акупіраванай Беларусі.
Першае гета на тэрыторыі сённяшняга Ляхавіцкага раёна з’явілася напрыканцы чэрвеня 1941 года. Яўрэяў не толькі з горада, але і з бліжэйшых вёсак, як тую жывёлу, сагналі на невялікае па плошчы месца пад адкрытым небам (сёння там знаходзіцца кансервавы завод). Многія, як успаміналі відавочцы, паспелі ўзяць з дому нейкія рэчы, ежу і спадзяваліся, што тут будзе толькі часовае прыстанішча, верылі, што іх прывезлі на работы, а потым адпусцяць дамоў. На жаль, усё аказалася ілюзіяй. У нацыстаў быў зусім іншы, нечалавечы расклад, у аснове якога – поўнае знішчэнне яўрэйскага насельніцтва. Такі ж
лёс чакаў і ляхавіцкіх яўрэяў. Калючы дрот у некалькі ярусаў абцягнуў гета. Адзін каля аднаго на голай зямлі тут існавалі людзі розных узростаў – ад немаўлят да састарэлых. Усіх, хто мог хадзіць, ганялі на цяжкія прымусовыя работы. Карміліся, хто чым мог. У абавязковым парадку ўсім вязням было загадана нашыць на адзенне жоўтую шасціканцовую зорку. Выходзіць за межы гета строга забаранялася. Як і мясцовым жыхарам забаранялася дапамагаць яўрэям ежай, адзеннем. Тых, хто ўсё ж стараўся хоць крыху аблягчыць лёс вязняў, жорстка каралі, некаторых нават расстрэльвалі. Але ніякія запалохванні не маглі перакрэсліць чалавечыя адносіны, міласэрнасць. Рызыкуючы ўласным жыццём, беларусы не толькі прыносілі ежу ў гета, але і, па магчымасці, хавалі ў сябе яўрэяў, якім удалося ўцячы ад акупантаў. Ганаровае званне «Праведнік народаў свету» было прысвоена і 795 жыхарам Беларусі (у свеце такіх усяго 26 120 чалавек). Сярод іх – і колішнія жыхары Улазавічаў Вікенцій і Марыя Грышчыкі за выратаванне яўрэйскай дзяўчыны.
Сярод, тых хто выжыў у час халакосту, і тыя нямногія, хто паспеў уцячы ў партызанскія атрады. У Беларусі, па розных даных, у партызанах ваявалі ад васьмі да 30 тысяч яўрэяў.
Нават ведаючы, што іх чакае смерць, многія з вязняў гета спадзяваліся: фашысты зменяць гнеў на міласць і не заб’юць іх. І толькі пасля таго, як зыход станавіўся ўсё больш відавочным, у лагерах па ўсёй Еўропе пачаліся паўстанні. Найбольш вядомыя – у Варшаўскім гета (студзень 1943 года), у лагеры знішчэння «Сабібор» (адзінае паспяховае паўстанне падчас Другой сусветнай вайны). Як актыўны цэнтр супраціўлення ўвайшло ў гісторыю Мінскае гета.
Вернемся на 82 гады назад на Ляхавіччыну. Праз месяц пасля размяшчэння ў гета першыя калоны запалоханых, знясіленых, галодных старых, жанчын, мужчын, дзяцей пагналі праз усе Ляхавічы на ўскраек горада. Менавіта тут, на сённяшняй вуліцы Заходняй, за дзясяткі хвілін пазбавіліся самага дарагога – жыцця – тысячы людзей. Іх расстралялі толькі за тое, што яны – яўрэі. А сёння тут помнік з надпісам «Брацкая магіла яўрэяў горада Ляхавічы і наваколля, забітых гітлераўцамі ў 1941-1942 гадах». Мой дзед, які жыў у гады той вайны на Малой Лотве (сённяшняй вуліцы Кастрычніцкай), расказваў, што ў вырыты доўгі роў падалі не толькі забітыя, але і параненыя, таму потым яшчэ некалькі дзён зямля варушылася…
Ліпень 1941 года. У Шчаснаві-чах расстраляны шасцёра яўрэяў, столькі ж і каля Крывошына.
Канец жніўня 1941 года: у Востраў «наляцеў» карны атрад войскаў СС. Яўрэяў сагналі на царкоўную плошчу і сказалі, што павядуць у Ляхавічы ў гета. На самай справе адвялі недалёка за станцыю вузкакалейкі і расстралялі. І сёння невядома дакладная колькасць ахвяр, але сведкі памяталі, што ў асноўным гэта былі жанчыны і дзеці.
Першая палова верасня   1941 года. У Мядзведзічах нацысты схапілі каля 30 маладых мужчын, здзекаваліся над імі, потым прыгналі пад Тальмінавічы (дакладней ва ўрочышча Сінява) і там расстралялі.
У тым жа 1942 годзе былі забіты 65 яўрэяў за чыгуначнай станцыяй «Рэйтанаў».
У 1943 годзе эсэсаўцы і паліцаі канчаткова расправіліся з вязнямі Ляхавіцкага гета – расстралялі 4 725 чалавек.
Спіс, безумоўна, далёка не поўны…
Ад рук катаў гінулі не толькі яўрэі, не шкадавалі гітлераўцы і паліцаі беларусаў, рускіх, прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, веравызнанняў. Усе яны для фашыстаў былі людзьмі нізкага сорту. Таму мы, сённяшнія пакаленні, ад імя нашых продкаў патрабуем пакараць усіх, хто меў адносіны да генацыду беларускага народа.
У мірны час на брацкіх магілах на вуліцах Заходняй і Арлоўскага ў нашым райцэнтры былі ўстаноўлены помнікі, у тым ліку за кошт сродкаў, сабраных роднымі і сваякамі загінулых яўрэяў. А клопат
пра брацкія магілы ўзялі на сябе жыхары Ляхавіччыны. Сюды, як і да іншых помнікаў ахвярам і героям Вялікай Айчыннай, не зарастае народная сцяжынка памяці і смутку. Дарэчы, многія даныя для гэтага артыкула  ўзяты з даследчай работы настаўніцы гісторыі СШ № 1 Алены Камко.
І праз больш чым сем дзесяцігоддзяў пасля таго, як адгрымелі апошнія залпы Вялікай Айчыннай, адкрываюцца ўсё новыя, раней невядомыя пацвярджэнні зверстваў фашызму.
Больш за 2 700 чалавек – менавіта столькі яўрэяў, забітых гітлераўцамі і іх прыслужнікамі, пахаваны ў брацкай магіле на вуліцы Заходняй у райцэнтры. Такая лічба была да жніўня 2022 года. У мінулым годзе
23 жніўня колькасць ахвяр халакосту, якія знайшлі тут апошні зямны прытулак, павялічылася на 63 нябожчыкі: сюды перапахаваны астанкі дарослых і дзяцей – мірных жыхароў, расстраляных карнікамі падчас гітлераўскай акупацыі і закапаных на ўскрайку лесу паміж Куршынавічамі і Новымі Будамі. Так пакуль і не высветлілі, якога веравызнання былі ахвяры генацыду. Але згодна з успамінамі сведкаў, сярод забітых былі яўрэі.
Пра трагедыю халакосту нагадваюць помнікі, якія ў 2009 годзе
ўстаноўлены ў Востраве і Мядзведзічах, раней – каля станцыі «Рэйтанаў».
27 студзеня сённяшнія пакаленні аддаюць даніну павагі яўрэям Ляхавіччыны, загінулым ад рук фашысцкіх карнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. І сёлета вянкі і кветкі лягуць да помніка на брацкай магіле на вуліцы Заходняй у райцэнтры, дзе пахаваны яўрэі, расстраляныя ў 1941-1942 гадах.
Недапушчальна забыць пра тое, што рабілі нацысты ў гады Другой сусветнай вайны. Пра гэта павінны ведаць і сённяшнія пакаленні, і наступныя. Каб ніколі больш не дапусціць генацыд, халакост, канцлагеры, як і іншыя жахі вайны. Неабходна, каб пакаленні, якія жывуць пад мірным небам, у суверэннай краіне ведалі пра тыя жудасныя падзеі і прыкладалі ўсе намаганні, каб такое не паўтарылася зноў.

У гады Другой сусветнай вайны самая шматлюднае гета было створана ў Варшаве (Польшча), дзе утрымлівалася да 480 тысяч яўрэяў.
На акупіраванай тэрыторыі СССР самымі буйнымі былі гета ў Львове, што існавала з лістапада 1941 па чэрвень 1943 года (409 тысяч яўрэяў) і ў Мінску (ліквідавана фашыстамі 21 кастрычніка 1943 года) – каля 100 тысяч чалавек. Знішчэннем яўрэйскага насельніцтва СССР займаліся фашысцкія каманды СС, а таксама ўкраінскія і прыбалтыйскія калабарацыяністы. І як не правесці паралель з падзеямі, якія цяпер адбываюцца ў той жа Украіне і краінах Прыбалтыкі, дзе неанацысты становяцца героямі. Як і іх папярэднікі – тыя, хто прыслужваў фашыстам, забіваў мірнае насельніцтва і стаў катамі халакосту…

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.