Я шчаслівы, бо жыву. Упершыню Ляхавіччыну наведаў вядомы беларус Аляксей Талай
Сустрэча, якая прымушае задумацца над сэнсам жыцця, адносінамі да людзей, сямейнымі каштоўнасцямі і аддчуць сваё прызначэнне. Упершыню Ляхавіччыну наведаў вядомы беларус Аляксей Талай.
Тое, што здарылася з 16-гадовым падлеткам, для кагосьці, магчыма, перакрэсліла б усё жыццё. Але толькі не для яго. Трагедыя адбылася з беларускім юнаком з Оршы Аляксеем Талаем 8 мая 1999 года, калі няшчасны выпадак (узарвалася міна, што праляжала з Вялікай Айчыннай вайны) пазбавіў хлопца рук і ног. Гэта раздзяліла яго жыццё на да і пасля.
Да – былі шчаслівыя, напоў-неныя марамі і спадзяваннямі дзіцячыя і юнацкія гады, заняткі разнастайнымі відамі спорту і любімай музыкай, стасункі з сябрамі, словам, усё, што суправаджае бесклапотнае і цікавае дзяцінства. Пасля – фізічны і душэўны боль, доўгія цяжкія дні, месяцы, гады лячэння, рэабілітацыя, калі вучыўся не толькі па-новаму жыць, але і думаць, марыць, спадзявацца. І дзейнічаць, каб потым былі прадпрымальніцтва, перамогі на шматлікіх спартыўных спаборніцтвах, у тым ліку Пара-лімпіядах, выступленні перад разнастайнымі аўдыторыямі. Ён аб’ездзіў многія краіны свету, вывучаў безбар’ернае асяроддзе, выступаў з трэнінгамі перад дзелавымі людзьмі, знаходзіў жадаючых паўдзельнічаць у дабрачынных акцыях, ініцыятарам многіх і непасрэдным удзельнікам быў і сам. Ён дапамагае тым, хто трапіў у бяду, падтрымлівае, сваім прыкладам паказвае, як можна пераадолець, здавалася б, непераадольнае.
– Усе мы прыходзім на гэты свет, каб вучыцца, іншы раз на сваіх памылках. Неабходна зразумець, пры любым раскладзе і нягледзячы на любыя абставіны трэба заставацца чалавекам, імкнуцца дапамагаць іншым, быць адказным за свае ўчынкі і паводзіны. Ні ў якім разе нельга паддавацца правакацыям. Кожны павінен прайсці наканаваны яму жыццёвы шлях дастойна, – сцвярджае Аляксей Талай.
Дзіцячая любоў да спорту ўвасобілася ў пакарэнне спартыўных вяршынь. Стаў майстрам спорту і трапіў у склад Нацыянальнай паралімпійскай зборнай каманды Беларусі па плаванні. На яго спартыўным рахунку медалі, рэкорды свету і Еўропы.
Фонд добрых спраў
Шмат часу, увагі Аляксей Талай надае дабрачыннасці. Сумесна з кіраўніцтвам Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі
ў 2018 годзе быў заснаваны Дабрачынны Фонд імя Аляксея Талая. Дарэчы, у 2022 годзе Фонду прысуджана прэмія Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне». Яго галоўная мэта –
дапамагаць тым, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю і мае патрэбу ў дапамозе.
Па запрашэнні Фонду Аляксея Талая рабяты з Данбаса прыяз-джалі на адпачынак у Беларусь. І калі слухаеш іх водгукі пра тое, што, у рэшце рэшт, яны маглі спакойна засынаць, радавацца, што няма выбухаў і не хавацца, разумееш, якую важную справу робяць Аляксей Талай і яго аднадумцы. Днямі гуманітар-ную дапамогу ад неабыякавых беларусаў супрацоўнікі Фонду завезлі ў дзіцячыя дамы ЛНР, а таксама населеныя пункты, якія знаходзяцца ў прыфрантавой тэрыторыі. За амаль пяць гадоў свайго існавання Фонд падарыў многім не толькі надзею, але і шанц на выздараўленне.
Нельга не ўзгадаць патрыя-тычны праект, ініцыяваны Дабрачынным Фондам, «Дзеці Беларусі – ветэранам і будучым пакаленням». У Год міру і стварэння ён напаўняецца яшчэ больш глыбокім сэнсам. Напрыканцы студзеня гэтага года Аляксей Талай прыехаў у мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» для ўдзелу ва ўрачыстым мерапрыемстве, якое дало старт акцыі па зборы манет, якія пойдуць на будаўніцтва памятнага знака ў абласным цэнтры. Ён будзе складацца з акамянелага пісьма-«трохвугольніка» (даніна павагі мінуламу) і бронзавага дрэва (сімвал жыцця і даўгалецця). Спецыяльная скрыня ўстаноў-лена ў музеі абароны Брэсцкай крэпасці. Да збору можа далу-чыцца кожны жадаючы. Мэта праекта – стварэнне і ўстаноўка ўсенароднага памятнага знака «Жывая памяць удзячных пакаленняў» у Мінску, Брэсце і Маскве. Дарэчы, у Мінску такі знак быў устаноўлены ў чэрвені
2022 года ў парку Перамогі. Аляксей Талай расказаў, што больш за 130 тысяч савецкіх манет было пераплаўлена для памятнага знака.
Тэма Вялікай Айчыннай вайны, як сцвярджае сам Аляксей Талай, для яго асаблівая, шчымлівая.
– У мяне ёсць свой герой – мой дзед Аляксей Трафімавіч Талай, які партызаніў на Віцеб-шчыне. Яго расказы пра зверствы фашыстаў – жудасная праўда Вялікай Айчыннай вайны. Важна і неабходна, каб пра гэта ведалі і сённяшнія пакаленні, а разам з ведамі да іх прыйшло асэнсаванне вялікага шчасця –
жыць пад мірным небам, каб ніколі не паўтарыліся жахі вайны, –
адзначае Аляксей Талай.
Што сілы надае…
Аляксей Талай – шчаслівы сем’янін, у яго чацвёра дзяцей. Сямейныя каштоўнасці лічыць аднымі з асноўных у жыцці.
– У сям’і – сіла, яна падмурак усяго. Тыя каштоўнасці, якія закладваюцца ў сям’і, у многім уплываюць на далейшы лёс чалавека. Паважайце сваіх бацькоў, дзядоў, прадзедаў, любіце і шануйце іх, – заклік Аляксея Талая да моладзі.
Даволі часта на сваіх шмат-лікіх сустрэчах Аляксей Талай сцвярджае: не бывае іспытаў, з якімі чалавек не можа справіцца. Менавіта гэта тэма неаднойчы гучала і падчас запамінальнай сустрэчы, якая ў мінулую сераду адбылася ў ГДК. У Ляхавічы завітаў беларускі паралімпіец, рэкардс-мен і чэмпіён, грамадскі дзеяч, дабрачынец, прадпрымальнік Аляксей Талай. Напэўна, нікога не пакінуў абыякавым відэафільм пра лёс гэтага мужнага чалавека –
у зале ўсталявалася цішыня. Школьнікі, моладзь, прадстаўнікі працоўных калектываў, пажылыя сустракалі славутага беларуса заслужанымі апладысментамі. Яго голасу ўласцівы магнетызм і прыцягальнасць, кожнае слова – узважанае і шчырае, парады – такія неабходныя і актуальныя. Колькі ж у яго расказах самых пяшчотных пачуццяў да родных і блізкіх, сям’і, любві да Радзімы і гонару за Беларусь. Сустрэча прайшла, як гаворыцца, на адным дыханні. Было нямала жадаючых задаць пытанні Аляксею Талаю.
– Столькі эмоцый ад сустрэчы! Мяне ўразіла ўсё – як Аляксей змагаўся за жыццё, як не скарыўся. А з якой любоўю і павагай ён гаварыў пра сям’ю! Такія сустрэчы неабходныя, яны аб’ядноўваюць, паказваюць, як важна дапамагаць іншым і ў любой сітуацыі заставацца чалавекам, – дзеліцца ўражаннямі кантралёр харчовай прадукцыі СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» Вольга Петручэня.
– Узрушаны пачутым і ўба-чаным. З якім інтарэсам лавілі сказанае Аляксеем Талаем рабя-ты. Сапраўды, важна пры любых абставінах не здраджваць, у першую чаргу, самому сабе, не кідацца ў крайнасці. Рабі дабро іншым, і яно абавязкова вернецца да цябе. Сваім жыццём Аляксей Талай паказаў: выхад ёсць з самых цяжкіх сітуацый. Трэба толькі вельмі гэтага хацець, – далучаецца да размовы настаўнік фізікі СШ № 1 Васілій Лемяшэўскі.
Нямала жадаючых было сфатаграфавацца з Аляксеем Талаем і пажадаць мужнаму беларусу здароўя і поспехаў у яго дабрачынных пачынаннях. Падарункам ад Аляксея Талая Ляхавіччыне сталі дыскі, на якіх занатаваны знятыя па ўсёй Беларусі відэаролікі з жывымі ўспамінамі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
– Любіце жыццё, блізкіх, Радзіму. Цаніце кожнае імгненне, спадзявайцеся на лепшае, ніколі не губляйце надзею, верце. І ў вас усё абавязкова атрымаецца. Чалавек – сам творца свайго лёсу, –
наказ ад Аляксея Талая.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.