Ствараем дзеля міру. Урачысты сход гаспадарчага актыву раёна адбыўся 2 лютага ў гарадскім Доме культуры
Якім стаў для Ляхавіччыны мінулы год, што дасягнулі, а што запланавана на 2023-і, над чым варта асабліва засяродзіць увагу,
абмеркавалі падчас урачыстага сходу гаспадарчага актыву раёна, які адбыўся 2 лютага ў гарадскім Доме культуры.
365 дзён 2022-га для нашай Ляхавіччыны напоўнены самымі яркімі падзеямі, вынікамі і дасягненнямі, якімі ганарымся. Гэта імёны людзей, што ўслаўляюць малую радзіму, гэта нашы перамогі, вяршыні, да якіх імкнёмся. Разам з тым гэта і планы, якія пакуль знаходзяцца ў рэжыме чакання. А рэсурсы і патэнцыял ёсць. Якім быў для Ляхавіцкага раёна мінулы год, з якімі здабыткамі ўступаем у Год міру і стварэння, планы і перспектывы абмеркавалі падчас урачыстага сходу гаспадарчага актыву, які ў мінулы чацвер прайшоў у ГДК.
Рэальнае і дасягальнае
Перадафіцыйная частка разгарнулася ў фае. Прадукцыя прадпрыемстваў і арганізацый, інтэлектуальныя здабыткі і вынікі адукацыйнай сферы, прамысловыя экспазіцыі, дэгустацыйная пляцоўка – усё гэта ў выставах, што прэзентавалі нашу Ляхавіччыну.
Беларусы на пачатку мінулага года зрабілі важны крок да ўмацавання сваёй незалежнасці і ўнікальнага шляху развіцця. На высокім узроўні прайшоў рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларусі. Менавіта з падзякі землякам за высокую грамадзянскую актыўнасць падчас гэтай электаральнай кампаніі пачаў сваё выступленне старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз. Ён адзначыў, што Ляхавіччына ярка ўпісала свае сюжэты ў святы і працоўныя будні ў Год гістарычнай памяці.
– У 2022 годзе наша работа была накіравана на павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва на аснове развіцця рэальнага сектара эканомікі, стварэння ўмоў для далейшага развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, прыцягненне ў эканоміку раёна інвестыцый у асноўны капітал, нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці прамысловай, сельскагаспадарчай прадукцыі з умацаваннем пазіцый як на ўнутраным, так і знешніх рынках збыту, – адзначыў Мікалай Мароз.
А для гэтага ёсць усе перадумовы. Ёсць ўрадлівая зямля, ёсць сродкі, а галоўнае – таленавітыя, працавітыя, руплівыя людзі. У мінулым годзе ляхавіцкая зямля сабрала не мала перамог і ўзнагарод у розных галінах.
Мікалай Мароз акцэнтаваў увагу на тым, што, нягледзячы на ўсё выклікі складанага года – а гэта і напружаная геапалітычная абстаноўка, санкцыйная палітыка краін-суседак, – эканоміка раёна спрацавала без страт. А сярэднямесячная заработная плата вырасла на 14,6 працэнта.
– Сёння зацвярджаем праграму развіцця раёна па ўсіх галінах на 2023 год. Мы разумеем, што патэнцыял раёна намнога вышэй, і фармальныя падыходы да работы недапушчальны. У нас ёсць дакладнае разуменне, што і калі мы павінны зрабіць, – падкрэсліў кіраўнік раёна.
Эканамічны бок Ляхавіччыны гучаў у справаздачы намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Наваграна. Большасць паказчыкаў за год выканана, а некаторыя пераўзышлі прагнозы.
З якімі вынікамі да бягучага года падышла будаўніча-жыллёвая сфера, адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк. Важна, што ў планах на гэты год нямала аб’ектаў, якіх чакаюць капітальны рамонт, рэканструкцыя, будаўніцтва. Кіламетры дарог будуць заасфальтаваны, заменены водаправоды, у некаторыя населеныя пункты прыйдзе прыродны газ і г. д.
Адукацыя, ахова здароўя, спорт і турызм, СМІ, культура, сацабарона і
іншае – што атрымалася, якую планку задала сабе сацыяльная сфера, расказала намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч.
2023 год важны для кансервавага завода. Мадэрнізацыя вытворчасці, магчымае пашырэнне зямель, інавацыйныя падыходы ў працэсе вытворчасці і шмат іншых працоўных момантаў адзначыў кіраўнік ААТ Аляксандр Вашчук.
Якім шляхам пойдзе «Шлях новы» далей, што плануе і ў якія тэрміны, агучыў дырэктар Андрэй Коктыш.
А вось патрыятычна-натхнёную справаздачу пра мінулы год акрэсліла дырэктар СШ № 1 Наталля Кулак.
– Сёння галоўнае не стаяць на месцы. Ёсць шмат ніш, якія ва ўмовах санкцый даюць магчымасць нарасціць вытворчасць. Варта шукаць новыя рынкі збыту. Лічбы, якія сёння былі агучаны, гавораць пра тое, што нашы кропкі росту – перспектыўныя, ёсць з чым рухацца далей. Варта ставіць вялікія мэты і да іх упэўнена ісці. За апошні час у нас была не адна магчымасць пераацаніць каштоўнасці, зразумець, што галоўнае, а што другаснае. Таму варта дасягаць лепшага, але не згубіць тое, што ў нас ёсць, – адзначыў намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Дзмітрый Гарадзецкі.
Шмат дэпутацкай увагі і клопату пра Ляхавіччыну ў дзейнасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў Людмілы Жалнерчык.
– На Ляхавіччыне жывуць гасцінныя людзі, а, самае галоўнае, яны нераўнадушныя. За мінулы год мы многае зрабілі, вырашалі праблемы, каб узровень і камфорт жыцця стаў лепшым. Дзякуй кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў Ляхавіччыны, што, не адкладваючы, вырашалі праблемы землякоў. Мы наведалі не адзін праблемны адрас: рамантавалі дарогі, вырашалі пытанні з працаўладкаваннем, разглядалі і розныя бытавыя складаныя сітуацыі. Колькі праблемных момантаў вырашалася падчас прамых ліній і прыёмаў грамадзян. А сёння ў Год міру і стварэння важна берагчы нашу галоўную беларускую каштоўнасць – жыць пад небам, расквечаным шчасцем. І, канешне, памятаць, праз што давялося прайсці нашым дзядам і прадзедам, каб сёння мець незалежнасць і квітнеючую Беларусь, – адзначыла Людміла Жалнерчык.
Свята ўзнагарод
Урачыстае пасяджэнне адзначылася вялікай колькасцю шчырых апладысментаў землякам, якім у гэты дзень былі ўручаны ўзнагароды рознай вартасці. Граматай Брэсцкага абласнога выканкама ўзнага-
роджана дырэктар Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча
Вольга Бурак. Падзячнае пісьмо аблвыканкама адрасавана загадчыцы Навасёлкаўскага СДК Таццяне Пішч.
Шэраг дэпутацкіх падзяк старшынь пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу атрымалі нашы землякі.
Кіраўнік раёна павіншаваў кожнага земляка, хто ў гэты дзень атрымаў званне «Чалавек года» па выніках работы за 2022 год у розных намінацыях.
Пасведчанні аб занясенні на Галерэю славы Ляхавіцкага раёна атрымалі 24 прадстаўнікі розных прадпрыемстваў, устаноў і арганіза-
цый раёна. Ляхавіччына вамі ганарыцца!
Асаблівым стаў момант перадачы пераходных Ганаровых сцягаў за дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці збожжа, рапсу і бульбы, па рэалізацыі прадукцыі вырошчвання ў 2022 годзе СВК «Ляхавіцкі». Лепшым па вытворчасці цукровых буракоў стала ААТ «Жарабковічы». Самыя высокія паказчыкі па рэалізацыі малака ў ЗАТ «Белпрампрыбор».
Эстафета ўзнагарод працягнулася штогадовым спаборніцтвам за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у вытворчасці цукровых буракоў. Віншаванні пераможцам: ААТ «Жарабковічы», другое месца –у ФГ «Вялікае Падлессе-Агра».
Узнагароды райвыканкама і райсавета таксама ў гэты дзень атрымалі нашы працавітыя землякі.
А яшчэ гучалі віншаванні ў адрас лепшага, па выніках 2022 года,
Навасёлкаўскага сельсавета, і старастаў вёсак, пра якіх «ЛВ» абавязкова яшчэ раскажа.
А вось пра пераможцаў конкурсу на лепшае навагодняе афармленне і пераможцаў агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан тэрыторыі горада раёнка ўжо расказвала. У мінулы чацвер пераможцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
Немагчыма ўявіць гэты дзень важкіх вынікаў, сур’ёзных планаў, узнагарод і віншаванняў без святочнай праграмы, што падрыхтавалі артысты і калектывы Ляхавіччыны. Эмацыянальна, запамінальна, ярка!
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.