Вырашальны настрой. Па гарачых слядах супрацоўнікі Ляхавіцкага раёна электрасетак адправіліся ў Ганчары

Па гарачых слядах супрацоўнікі раёна электрасетак адправіліся ў Ганчары, каб вырашыць праблему перападаў напружання, узнятую падчас сходу жыхароў Ганчароўскага сельсавета

Па трэцім крузе сходы грамадзян курсіруюць па населеных пунктах Ляхавіччыны. У кожным сельсавеце свае,
як гаворыцца, болевыя моманты і, адназначна, свая прафілактыка
і «лячэнне». Каб праблемы не засталіся непачутымі, незанатаванымі і нявырашанымі, існуюць розныя формы зваротнай сувязі. Сходы грамадзян – адна з іх, і пры тым паспела даказаць сваю выніковасць.

Аграгарадок Тальмінавічы ў мінулым годзе ўжо быў на маршруце кіраўніцтва раёна і розных службаў. 7 лютага сход ізноў сабраў тых, у каго ёсць пытанні і прапановы. Жыхары Ганчароўскага сельсавета да сустрэчы падрыхтаваліся грунтоўна: не прыйсці і проста паслухаць, а атрымаць канкрэтны адказ на канкрэтную сітуацыю, прапанаваць свой варыянт ці стаць ініцыятарам добрага пачынання.

Старшыня сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч падвёў вынікі 2022 года. Ёсць моманты, якія засталіся нявырашанымі і перайшлі ў статусе праблемы ўжо ў 2023 год. Мінулагоднія адрасы, а канкрэтна вуліцы Гагарышвілі, Камуністычная, Школьная і Леніна, пасля замены водаправода добраўпарадкаваны. А вось падсыпка вуліцы Камуністычнай у Тальмінавічах каля некаторых дамоў так і не праведзена.
Праблемы ў многім тыповыя, але і вырашальныя. Напрыклад, у 2022 годзе выдалялі аварыйныя дрэвы без затрат бюджэтных сродкаў. Ёсць пэўныя складанасці з пустуючымі дамамі, пакуль іх на тэрыторыі сельсавета 137. Знесена 11 домаўладанняў. Работа працягнулася і ў
2023 годзе.
Працуе сельвыканкам і над пытаннем рацыянальнага выкарыстання зямлі. Напрыклад, у мінулым годзе прысядзібныя ўчасткі, што не апрацоўваліся, былі перададзены СВК «Ляхавіцкі», СФГ «АграВыгада Плюс», СФГ «ЖарСК». Пакуль невырашальным засталося пытанне перадачы земляў, пакрытых лесам, на баланс Ляхавіцкага лясгаса.

Цяпло па плане
Сумны факт, але ж на тэрыторыі Ганчароўскага сельсавета ні адзін населены пункт не газіфікаваны. Зразумела, што электраацяпленне – тэма топавая. Таму да начальніка раёна электрасетак Віктара Станкевіча літаральна чарга пытанняў. За год з 60 пададзеных заяў у 50 выпадках завяршылася рэканструкцыя жылых дамоў з мэтай правядзення электраацяплення і гарачага водазабеспячэння. На жаль, ёсць і адмова ў такой паслузе. Адна з прычын – недахоп магутнасці трансфарматарнай падстанцыі. Немалаважная і такая акалічнасць, як недастатковая прапускная здольнасць проваду ліній электраперадачы.
Вяскоўцы з Тальмінавіч і Набярэжнай таксама выказалі жаданне падключыцца да электраацяплення. Як адзначыў Віктар Станкевіч, праект на рэканструкцыю ліній электрасетак і трансфарматарных падстанцый у Тальмінавічах знаходзіцца на экспертызе.
У 2023 годзе праект плануецца ажыццявіць. А вось пытанне наконт Набярэжнай хоць і вырашальнае, але ж і не таннае. Вяскоўцам было прапанавана стварыць кааператыў. Па прыблізных разліках, 30 працэнтаў, якія павінны выплаціць вяскоўцы (астатняе датуе дзяржава), склалі 111 тысяч рублёў, на чалавека атрымліваецца каля 14 тысяч рублёў. І гэта без уліку выдаткаў на рэканструкцыю дома.

Чаканая  дарога
Для тых, хто жыве ў Куршынавічах, Мядзведзічах, пытанне асфальтавання з разраду чаканага-перачаканага. Начальнік ДРБУ-200
Ігар Пілінога пад гучныя апладысменты агучыў навіну: дарога ад Мядзведзіч да Куршынавіч (а гэта пяць кіламетраў) будзе заасфальтавана ў гэтым годзе. Сродкі на гэтыя работы ўжо выдзелены з абласнога бюджэту (амаль 800 тысяч рублёў) і па міжбюджэтным трансферце (890 тысяч рублёў).
Увогуле, Ігар Пілінога адзначыў, што і ў мінулым годзе, і ў гэтым важкая частка выдзеленых сродкаў на рамонт дарог у раёне асвоена ці будзе асвоена на тэрыторыі Ганчароўскага сельсавета. Летась, напрыклад, асфальт дайшоў да вёскі Набярэжнай (чатыры кіламетры).
На жаль, застаецца праблема з прывядзеннем у парадак прыдарожнай паласы ад трасы Граніца Расійскай Федэрацыі –Крычаў – Бабруйск – Івацэвічы да Тальмінавіч, паколькі не вырашана пытанне з яе балансавай прыналежнасцю.
А вось жыхары Куршынавіч адзначылі, што варта было б па іх дарогах прайсціся грэйдарам. Начальнік ДРБУ-200 паведаміў, што грэйдзіраванне туды дойдзе, але ж не ў зімовы перыяд.
Тальмінавіцкая вуліца Лясная таксама чакае дарожнікаў. Тут варта ўсё ж аднавіць пакрыццё, адным словам, работа над памылкамі неабходна.
Дарожная тэматыка змянілася забаўляльнай, але не менш праблемнай. Сапраўды, інфраструктура Куршынавіч не надта багатая. Паштовае аддзяленне зачынілі, няма і свайго Дома культуры і школы (гэтыя будынкі прададзены), добра, што працуюць магазін мясцовай спажыўкааперацыі і ФАП. Скарга ад жыхароў гучала лагічна: няма дзе сабрацца, ды і канцэртныя праграмы ладзяцца не так часта, як
хацелася б.
Адказ трымала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач:
– Праблему ведаем. Сёння стараемся, каб ДК, якія ёсць у сельскай мясцовасці, працавалі. У нас таленавітыя калектывы мастацкай самадзейнасці, ёсць чым ганарыцца. Працуем і над кадравым складнікам. Вось, напрыклад, у Галаўнінцах мясцовую культурную ўстанову чакае рамонт. Наконт Куршынавічаў. Прапрацуем яшчэ раз план работы выязных канцэртаў. У нас па раёне  выдатна працуе аўтаклуб. Варта звярнуцца і да кіраўніка тутэйшага «Міжнароднага дома мастацтваў»: магчыма, там вяскоўцы змогуць праводзіць вольны час, сустракацца.
Камунальных пытанняў, нюансаў, патрабаванняў і прапаноў было шмат. Першае прагучала наконт падключэння домаўладанняў да камунгасаўскай кацельні ў Тальмінавічах. Такая практыка выдатна сябе паказала ў Куршынавічах. Дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі адзначыў, што такія работы на бліжэйшыя гады плануюцца па Тальмінавічах і Ганчарах.
Як і ў мінулым годзе, ёсць скаргі на якасць пітной вады. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што колер часам далёкі ад крыштальнага. У Ганчарах у 2022 годзе знеслі аварыйную воданапорную вежу, замест гэтага працуе частотны пераўтваральнік, работа якога залежыць ад наяўнасці электраэнергіі. Адзін перабой – і жыхары застаюцца без вады. Сапраўды, такія нязручнасці маюць месца, адзначыў Андрэй Чайкоўскі. На бліжэйшы час там плануецца перакладка водаправода, але ж варта разумець, што гэтыя работы будуць выкананы пасля перападключэння жыхароў да ацяплення.
Таксама Андрэй Чайкоўскі патлумачыў і пытанне з утрыманнем могілак, якія цяпер знаходзяцца на балансе камунгаса. Калі ёсць магчымасць беспраблемна выдаліць аварыйныя дрэвы, то яны прыбіраюцца сіламі камунгаса. А вось калі ёсць рызыка пашкодзіць помнікі, тады патрабуецца паслуга людзей, што працуюць на вышыні, а яна не танная.

Будзем разбірацца
Жыхароў Куршынавіч непакоіць наступная сітуацыя. Вяскоўцы сцвярджаюць, што жывёла з мясцовай прыватнай фермерскай гаспадаркі з-за адсутнасці агароджы дастаўляе шмат нязручнасцей. Як быць?
– Такая праблема ні разу не была агучана ні на прамых лініях, ні на прыёмах грамадзян. Канешне, весці гаспадарку варта на адведзенай тэрыторыі. Ёсць пэўныя правілы і патрабаванні. І гэта пытанне будзе ўзята на кантроль сельвыканкама і райсельгасхарчу, – адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама Васілій Пыжык.
Яшчэ адна праблема ў адносінах паміж мясцовым фермерствам і жыхарамі Ганчароў. Справа ў агароджы, якая, па словах вяскоўцаў, усталявана не па правілах.
– Пасля праверкі, праведзенай ДРБУ-200, дакладна высветлілася, што агароджа не ўплывае на магчымасць праезду, не прадстаўляе пагрозы дарожнаму палатну. Застаецца пытанне эстэтыкі, якое, па словах прыватніка, вырашыцца ў бок вяскоўцаў, – каменціруе сітуацыю Васілій Пыжык.
Для старшыні праўлення райпо Васілія Некрашэвіча гучала хутчэй больш падзяк.
Аднак просьба паглядзець асартымент аўталавак на фінішных маршрутах мела месца. Васілій Некрашэвіч таксама нагадаў, што ў прадаўцоў аўталавак можна заказаць персанальна прадукты для сябе, і яны абавязкова даедуць да пункта прызначэння.
Ёсць шмат пытанняў і да падвозу… дарослых на школьным аўтобусе. Аднак адказ тут катэгарычны. Школьны аўтобус – для дзяцей і педагога, які іх суправаджае, адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч.
Набалелае і пытанне забеспячэння пастаянным урачом Ганчароўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі.
Праваахоўная сітуацыя на тэрыторыі Ганчароўскага сельсавета гучала ў справаздачы начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргея Хмарука. Пра пажарную бяспеку, меры прафілактыкі расказаў начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.
Увогуле, сход трымаў градус зацікаўленасці. Пытанні сыпаліся, гучалі прапановы і па добраўпарадкаванні зоны адпачынку ў Тальмінавічах.
– Прыемна, што нашы вяскоўцы да сходаў падыходзяць адказна. Манітораць праблемы і самі прымаюць удзел у вырашэнні. Такая грамадзянская актыўнасць дарагога варта.
Канешне, не забывайце, што кіраўніцтва раёна заўжды на
сувязі: прыёмы грамадзян, прамыя лініі. Кожнае агучанае пытанне фіксуецца, прапрацоўваецца, накіроўваецца ў неабходную службу, –
падсумаваў вынік сустрэчы кіраўнік раёна Мікалай Мароз.
А музычны пачатак сустрэчы падарылі артысты Тальмінавіцкага СДК.

Маргарыта  КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Антон БУЛАТЫ, дырэктар ААТ «Жарабковічы»:
– У 2019 годзе былое КСУП «Тальмінавічы» стала падраздзяленнем ААТ «Жарабковічы». Такое ўзбуйненне прынялі з радасцю. Шмат працавалі і разам дасягнулі многага. Сёння мы адзіны механізм, які працуе на тое, каб умацаваць дабрабыт прадпрыемства, годна
выглядаць на сельскагаспадарчай карце раёна, вобласці і рэспублікі. Разам робім зрухі да паляпшэння. Паказчыкі растуць – значыць, ідзём у правільным накірунку. На вытворчым тальмінавіцкім участку людзі працавітыя, яны ўдзячныя, што ёсць работа, што ўмовы паляпшаюцца,
а кіраўніцтва ўдзячна ім за тое, што не падводзяць. Канешне, для нашых працаўнікоў ствараем і належную інфраструктуру – адкрылі магазін, цяпер і памяшканне рыхтуем, каб людзям было дзе сабрацца па розных нагодах. Будзем пашыраць працоўныя месцы. Думаю, што мадэрнізуем малочнатаварную ферму, а неэксплуатуемыя сельскагаспадарчыя памяшканні плануем адрамантаваць, магчыма, перапрафіляваць пад іншую дзейнасць. Галоўнае, людзі ў нас нераўнадушныя, значыць, будзем працаваць
далей, разам і на добры вынік. А такія сходы дазваляюць яшчэ раз сустрэцца з вяскоўцамі, даведацца, што хвалюе нашых людзей. Магчыма, частку бытавых момантаў і праблем можа дапамагчы вырашыць прадпрыемства.