«Сапсан» гарантуе парадак. Праваахоўны атрад «Сапсан» дзейнічае на базе Ляхавіцкага аграрнага каледжа
А вы ведалі, што ўдзельнікі маладзёжных атрадаў аховы правапарадку (МААП) таксама маюць сваё свята. І менавіта 6 лютага байцы з праваахоўнага атрада «Сапсан», што дзейнічае на базе Ляхавіцкага аграрнага каледжа, таксама прымалі віншаванні.

Традыцыя маладзёжнага праваахоўнага руху ў нашай краіне асабліва падтрымліваецца БРСМ. Зразумела, чаму ў такога праекта шмат удзельнікаў – побач заўжды калегі, для якіх слова «парадак» – аснова прафесійнай дзейнасці. Выратавальнікі, супрацоўнікі органаў унутраных спраў, пагранічная служба – сёння даўнія калегі-партнёры маладзёжнага праваахоўнага руху.
Сёння ў ляхавіцкім «Сапсане» нясуць службу 11 юнакоў. Папярэдняя вучоба, стажыроўка, станоўчая характарыстыка далі права атрымаць білет байца МААП. А значыць і ўключыцца ў гэты накірунак дзейнасці БРСМ.
У мінулы панядзелак першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Дземідовіч павіншавала «сапсанаўцаў» са святам, падзякавала за тое, што нераўнадушна ставяцца да сваіх абавязкаў, падчас розных мерапрыемстваў дзяжураць і забяспечваюць грамадскі парадак. Разам з маленькімі ляхавічанамі штудзіруюць правілы дарожнага руху, не выключэнне і зімовы рэйд з выратавальнікамі. А колькі майстар-класаў і розных вучоб – не пералічыць!
Удзельнікі «Сапсана» падзяліліся меркаваннямі, як пашырыць сферу дзейнасці, у якіх праектах паўдзельнічаць.
РЫТА КРАСАВІЦКАЯ.