Партыя з трывалым фундаментам. У Ляхавічах вылучылі дэлегатаў на ўстаноўчы з’езд
Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» выступіла ініцыятарам стварэння новай палітычнай партыі. Яе рабочая назва – «Беларуская партыя «Белая Русь».
У Ляхавічах 16 лютага адбыўся ўстаноўчы сход па падтрымцы рашэння аб стварэнні новай палітычнай партыі, удзельнікамі якога сталі актывісты раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.
Старшыня раённай арганізацыі Леанід Калбаса адзначыў, што неабходнасць стварэння такой палітычнай партыі ў нашай краіне наспела даўно. І для вырашэння гэтай задачы былі зроблены канкрэтныя крокі, падрыхтаваны пэўны падмурак.
– Новая партыя аб’яднае прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці –адукацыі, АПК, прамысловасці, медыцыны, бізнесу, грамадскіх аб’яднанняў і г. д. Кансалідацыя беларускай дзяржавы – дзеля такой важнейшай задачы ствараецца партыя, – падкрэсліў Леанід Калбаса.
Падчас сходу вылучаны дэлегаты на ўстаноўчы з’езд, які пройдзе ў сталіцы 18 сакавіка. Для ўдзелу ў ім падтрыманы кандыдатуры кіраўніка цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Ляхавіцкага раёна Дзмітрый Багушэвіч і загадчыцы аддзялення першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання ТЦСАН Наталля Ісаханава.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.