Душа Беларусі – беларуская мова. 21 лютага адзначаецца Дзень роднай мовы

21 лютага адзначаецца Дзень роднай мовы.  У нашай краіне гучаць прызнанні ў любві да мовы лепшай у свеце – беларускай.

Які ж мы шчаслівы народ – у нас ёсць свая, непаўторная, родная мова. Яна сілкуе нас, выдзяляе сярод іншых, не дае згубіцца. Прыслухайцеся да яе чароўнага гучання, кожнае слова з нейкім асаблівым адценнем характару беларусаў. Хараство роднай мовы, яе багацце, мілагучнасць захоўваюць і «веснікаўцы». А яшчэ ўдвая прыемней, што да такой традыцыі далучаюцца і нашы юнкары праекта «Школьны дзённік». Інфармацыйная гадзіна Навасёлкаўскай СШ прайшла разам з журналістамі раёнкі.

Інфармацыйныя гадзіны ў школах раёна – традыцыя даўняя і, галоўнае, не фармальная. У гэтым пераканаліся карэспандэнты «ЛВ», калі наведалі тэматычны пачатак дня ў Навасёлкаўскай школе. На школьных партах замест падручнікаў перыёдыка: ад рэспубліканскай да мясцовай прэсы. А галоўнай інфанагодай сталі падзеі Афганскай вайны. Рабяты прааналізавалі, як розныя выданні звярнуліся да гэтай тэмы, як журналісты раскрылі боль і жах тых падзей, як сёння важна берагчы мір.
Сёння асаблівая ўвага – захаванню гістарычнай праўды, зусім па-іншаму, больш свядома гучыць слова «патрыёт». Што значыць быць патрыётам, з чаго пачынаецца зварот да патрыятычнай тэматыкі ў перыёдыцы, і чаму шчырасць пачуццяў і эмоцый галоўны складнік матэрыялаў – пра гэта і многае іншае гаварылі падчас сустрэчы.
Загучала лепшая з усіх моў на свеце – наша беларуская. У простых словах важныя жыццёвыя запаветы: жывём у міры і любую нязгоду імкнёмся вырашыць адпаведна.
Навасёлкаўскія школьнікі берагуць мову і ставяцца да яе з павагай. З першых класаў рабяты спасцігаюць навукі на роднай мове, таму тут яна гучыць паўсюдна. Любяць сваю краіну, Беларусь, – усім сэрцам, і ведаюць, што і праз мову перадаюцца тыя самыя сакрэты нацыі, што мова не дае ачарсцвець беларускай душы. Таму да Дня роднай мовы навасёлкаўскія вучні рыхтуюцца моцна, заўзята і з вялікім пачуццём гонару, мова для іх – жыцця аснова.
А яшчэ на гэтую інфармацыйную гадзіну школьнікі сталі карэспандэнтамі «Ляхавіцкага весніка». Вучыліся ствараць навіны для розных сацыяльных сетак і месанджараў, здымалі відэа для ТіkТоk.
Такі красамоўны факт: дзесяць устаноў адукацыі раёна (з 14-ці) вядуць навучанне на беларускай мове.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.