Крымінальная хроніка Ляхавіцкага раёна
Па законе
Ляхавічанін 1983 г.н., не маючы права на кіраванне транспартным сродкам знаходзіўся за рулём аўтамабіля і быў спынены супрацоўнікамі міліцыі. Дарэчы, за аналагічнае парушэнне ён двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. За кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіраваць гэтым сродкам, калі гэта дзеянне ўчынена неаднаразова, РАСК узбудзіў крымінальную справу. 9 лютага справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.
На чужым не нажывешся…
Мінчанін 1982 г.н. летась у перыяд з 30 верасня па 18 кастрычніка набываў у жыхароў Ляхавіцкага раёна бульбу. Абяцаў разлічыцца трохі пазней і заключаў дагаворы куплі-продажу, не маючы намеру іх выканаць. Такім чынам завалодаў больш за 212 тон бульбы на суму, якая перавышае 104 тысячы рублёў. Ад рук зламысніка пацярпелі 34 чалавекі, некаторыя з іх здавалі па 10-20 тон бульбы.
Па факце махлярства, учыненага ў асабліва буйным памеры, узбуджана крымінальная справа па частцы 4 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса. Праводзіцца раследаванне.
Невядомая асоба ў студзені выкрала з двара вясковага дома веласіпед. Гаспадар ацаніў страту ў 350 рублёў.
14 лютага райаддзел СК узбудзіў дзве крымінальныя справы па артыкуле 205 Крымінальнага кодэкса ў адносінах невядомых асоб. У адным выпадку напачатку лютага з вадаёма каля вёскі Дарава-Чыж выкрадзены катамаран коштам 200 рублёў, які належыць дачніку. Яшчэ адзін факт крадзяжу датычыў трактара, які стаяў у двары нежылога дома. У перыяд з пачатку студзеня па 14 лютага з транспартнага сродку зніклі акумулятарная батарэя і гідрацыліндр на суму 850 рублёў.
Уважлівасць перш за ўсё
Ляхавічанін 1959 г. н. хацеў заплаціць ў інтэрнэт-банкінгу камунальныя паслугі і трапіў на фішынгавую старонку. Увёў там свае даныя, і ў выніку з яго рахунку былі спісаны 5000 рублёў. РАСК узбудзіў крымінальную справу. Зараз праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўстаўналенне асобы, якая ўчыніла злачынства.
Каб не стаць ахвярай фішынгу, варта ўважліва правяраць спасылку, па якой збіраецеся перайсці. Трэба паглядзець, ці не пераблытаны літары ў назве сайта. Перад тым, як ўводзіць лагін і пароль, трэба праверыць, ці абаронена злучэнне з сайтам: калі перад адрасам сайта стаіць прэфікс https (дзе S азначае secure) – уваход бяспечны.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік Ляхавіцкага РАСК