У імя самага важнага на планеце! На Ляхавіччыне прайшоў патрыятычны аўтапрабег «У імя міру на зямлі»
З кожным аўтапрабегам у падтрымку нашай квітнеючай краіны пашыраюцца патрыятычныя кропкі, мяняюцца маршруты, з’яўляюцца свае крэатыўныя фішкі. Але самае галоўнае – удзельнікаў становіцца больш, як і расце інтарэс да такой агульнай патрыятычнай справы.
У мінулую пятніцу па маршруце памяці праехаліся нераўнадушныя землякі – прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў. Патрыёты аб’ядналі свае памкненні ў аўтапрабегу «У імя міру на Зямлі». Такая падзея прысвечана Году міру і стварэння ў Беларусі, а таксама 105-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Павышаны інтарэс школьнікаў і каляджан назіраўся падчас выставы тэхнікі і зброі Заходняга аператыўнага камандавання. Пра ўсю тэхніку можна было даведацца, датыкнуцца. Асаблівыя смельчакі пасядзелі і за рулём транспартных сродкаў.
А вось паказальныя выступленні разведвальнага батальёна 11-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады г. Слоніма ў той жа дзень запаланілі навінныя стужкі ляхавічан. Як заўжды, было ярка, захапляльна, моцна і выклікала фантан эмоцый.
Каманда «па машынах» – і аўтапрабег стартуе. Калона
з дзяржаўнай сімволікай так ганарова і прыгожа вітае землякоў. На маршруце патрыётаў – брацкая магіла ў вёсцы Жарскія. Кветкі да помніка як традыцыя памяці, як даніна павагі тым, хто перадаў у спадчыну беларусам бясцэнны мір.
Урачысты мітынг прымаў Курган вечнай Славы. Гэта асаблівае месца для ляхавічан увабрала ў сябе памяць пакаленняў, удзячнасць шчаслівых нашчадкаў за жыццё. Гучалі важкія і важныя словы «Беражыце мір», няхай у іх замацаваны і самы просты сэнс, але менавіта яны і ёсць умова нашай незалежнасці.
Далейшы маршрут таксама пралягаў праз кропкі, якія ведаюць старонкі гісторыі, – вёскі Падсаколле і Задвор’е.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.