На варце міру. Паветраная прастора нашай краіны пад кругласутачнай аховай батальёна кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны
23 лютага Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь адзначаюць усе, хто стаіць на варце міру і бяспекі, суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны. Сёлета свята мае асаблівае значэнне – беларускай арміі спаўняецца 105 гадоў.
Віншаванні прымаюць не толькі тыя, хто мае дачыненне да ваеннай службы – салдаты і афіцэры, ветэраны баявых дзеянняў, а таксама шматлікія прадстаўнікі мірных прафесій, якія сумленнай і шчырай працай уносяць свой уклад у абараназдольнасць краіны.
Паветраная прастора нашай краіны пад кругласутачнай аховай. У арсенале батальёна кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны – сучасныя комплексы сродкаў аўтаматызацыі і найсучаснейшыя ўзоры тэхнікі сувязі.
Усё тут падпарадкавана воінскай дысцыпліне, статуту і вызначанаму распарадку. Ад адказнага стаўлення да выканання задач баявога дзяжурства ў прамым сэнсе залежаць абарона дзяржаўных інтарэсаў і бяспека грамадзян. Ваеннаслужачыя пастаянна адпрацоўваюць веды і ўменні падчас трэніровак і вучэнняў, комплексных тактычных заняткаў і спецпадрыхтоўкі. Сур’ёзным экзаменам быў удзел у сумесным аператыўным вучэнні «Саюзная рашучасць-2022»,
якое праводзілася ў рамках комплекснай праверкі сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы.
У гісторыі батальёна ваенных вучэнняў было нямала, і нашы землякі традыцыйна паспяхова спраўляюцца з пастаўленымі задачамі.
Карэспандэнты «ЛВ» сталі сведкамі заняткаў па тактычнай падрыхтоўцы, якія праходзілі пад кіраўніцтвам намесніка камандзіра 8-й радыётэхнічнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны падпалкоўніка Сяргея Падрэза. Вельмі паказальна і відовішчна. Беларуская армія баяздольная і высокапрафесійная!
Сёння вайсковае падраздзяленне выконвае свае штодзённыя задачы ў звычайным рэжыме.
– Асабовы склад батальёна кіравання бесперапынна ўдасканальвае прафесійныя навыкі – у ваеннай справе майстэрства дасягаецца практычнымі дзеяннямі. Службовыя абавязкі калектыў выкон-
вае з веданнем справы – дакладна, адказна і добрасумленна, –
падкрэслівае камандзір батальёна кіравання падпалкоўнік Дзмітрый Брадніцкі, які пяць гадоў узначальвае падраздзяленне.
Да 23 лютага многім з ваеннаслужачых за дасягнутыя поспехі ў баявой падрыхтоўцы, высокія паказчыкі ў выкананні задач баявога дзяжурства аб’яўлена падзяка камандзіра. Сярод іх начальнік тэлефонна-тэлеграфнага вузла сувязі капітан Андрэй Герасімовіч, дзяжурны па сувязі прапаршчык Аксана Лабейка, старшы механік-тэлеграфіст яфрэйтар Таццяна Нагародская, старшы інжынер комплексу сродкаў аўтаматызацыі старшы лейтэнант Арцемій Кавалёў і іншыя.
Начальнік электрасілавых установак комплексу сродкаў аўтаматызацыі камандна-тэхнічнага вузла старшы прапаршчык Дзмітрый Чарняўскі службовыя абавязкі паспяхова спалучае са спартыўнымі дасягненнямі. Кіраўніцтва вайсковай часці характарызуе яго як здольнага аператыўна і граматна вырашаць службовыя задачы. На працягу 12 гадоў старшы прапаршчык надзейна трымае вышэйшую прыступку п’едэстала ў спаборніцтвах па гіравым спорце сярод ваеннаслужачых ВПС і войскаў СПА у вагавай катэгорыі да 90 кілаграмаў. Нядаўна зноў пацвердзіў статус лепшага і зараз рыхтуецца да чэмпіянату Узброеных Сіл Беларусі па гіравым спорце. Акрамя гэтага віду спорту, Дзмітрый займаецца армрэслінгам, боксам і ў кожным з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту. На пытанне карэспандэнта «ЛВ», як удаецца ўсюды паспяваць, адказвае коратка:
– Трэба. Нельга падвесці саслужыўцаў.
Старшына батальёна кіравання прапаршчык Максім Мацулевіч адзначае, што армія – школа жыцця. І ён ведае, пра што гаворыць, бо прыйшоў у вайсковую часць салдатам тэрміновай службы, авалодаў ваеннай спецыяльнасцю планшэтыста, заслужыў гонар быць камандзірам аддзялення. Дні да звальнення не лічыў і застаўся на кантракт. У яго абавязках не толькі ведаць, чым жыве і, як кажуць, дыхае кожны салдат, але і правядзенне з імі заняткаў па баявой і фізічнай падрыхтоўцы, сярод важнага – забеспячэнне выканання патрабаванняў бяспекі на стрэльбах, вучэннях і г. д. Зараз
прапаршчык вучыцца завочна і нацэлены на павышэнне сваёй кваліфікацыі. Мае станоўчую ацэнку кіраўніцтва батальёна і бярэ прыклад з вопытных таварышаў – намесніка камандзіра батальёна па ўзбраенні маёра Уладзіміра Клімовіча і начальніка групы апрацоўкі інфармацыі камандна-тэхнічнага вузла старшага лейтэнанта Юрыя Цывінскага.
Сутачныя нарады, фізвыпрабаванні і баявыя дзяжурствы нароўні з мужчынамі вытрымліваюць і прадстаўніцы прыгожага полу. Сярод іх планшэтыст групы апрацоўкі інфармацыі яфрэйтар Наталля Федаровіч і аператар комплексу сродкаў аўтаматызацыі камандна-тэхнічнага вузла сувязі яфрэйтар Юлія Грыгаровіч. Наталля ў армію прыйшла 13 гадоў назад з гандлю і ні дня не пашкадавала пра змену дзейнасці. У вайсковай часці сустрэла сваю другую палавінку, і зараз пяцігадовы сын Максім марыць быць як мама – з гонарам насіць ваенную форму.
Наўрад ці думала Юлія Грыгаровіч, калі вучылася ў БДАТУ
эканоміцы і кіраванню сельгаспрадпрыемствам, што будзе абаронцай Айчыны. Але прыклад бацькі, які таксама служыў, стаў вызначальным. І вось ужо 17 гадоў яна сярод сваіх калег-ваеннаслужачых – спецыяліст кампетэнтны аўтарытэтны.
Сярод штодзённых армейскіх спраў у ваеннаслужачых і прафарыентацыйная работа з навучэнцамі школ раёна і аграрнага каледжа, ваенна-патрыятычнае выхаванне. Сярод задач і знаёмства старшакласнікаў з перавагамі навучання ў ваенных ВНУ і на ваенных факультэтах, перспектывамі выбару прафесіі ваеннага і магчымасцямі кар’ернага росту.
Намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце маёр Андрэй Паляшук дзеліцца, што да 105-годдзя Узброеных Сіл Беларусі прымеркаваны і ўрокі мужнасці, іншыя сумесныя мерапрыемствы вайсковай часці з установамі адукацыі раёна.
Кадравы ваенны дасканала валодае не толькі пытаннямі выхавання асабовага складу, але і іншымі важнымі армейскімі накірункамі.
Сярод слаўных традыцый батальёна, якія ў штодзённым распарадку дня, – рытуал заступлення на дзяжурства
баявога разліку, калі аддаецца загад, гучыць Дзяржаўны гімн, і ваеннаслужачыя праходзяць урачыстым маршам. Значная падзея і прыняцце салдатамі Кодэкса гонару абаронца Айчыны, уручэнне баявой зброі новаму папаўненню. У вайсковай часці даўняе сяброўства і цеснае ўзаемадзеянне з Дараўскім храмам.
«У баявым сцягу – гонар! У традыцыях – слава!» – лічаць у батальёне кіравання 8-й радыё-тэхнічнай брыгады ВПС і войскаў СПА і працягваюць адпрацоўваць воінскае майстэрства, захоўваюць пераемнасць баявых традыцый.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.