Па-роднаму, бо як у мамы. На Ляхавіччыне прайшла рэспубліканская акцыя «Маміны пірагі»

Калі за справу бяруцца беларускія жанчыны, то яны ніколі не пакінуць яе на паўшляху! З асаблівым клопатам, пяшчотай і, безумоўна, крэатывам і фантазіяй падышлі да рэспубліканскай акцыі «Маміны пірагі» актывісткі раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын».

Жаночая справа заключалася ў простым і знаёмым: прыгатаваць што-небудзь смачнае. І з гэтай задачай члены БСЖ справіліся на ўра. Пірагі з самымі рознымі начынкамі, булачкі, цукеркі, рагалікі, пячэнне, хвораст, сочнікі і іншая здоба – усё гэта па сваіх дамашніх рэцэптах прыгатавалі ляхавічанкі з розных пярвічах БСЖ і проста нераўнадушныя зямлячкі. Аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, пярвічкі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, райфінаддзела, Жарабковіцкай сярэдняй школы імя М. Г. Мінкевіча далучыліся да акцыі і падарылі салдатам не толькі прыемны пачастунак, але і класны настрой. Паколькі самі завіталі да салдатаў у батальён кіравання  8-й радыётэхнічнай брыгады ВПС и войскаў СПА і зладзілі там сапраўднае свята.


Шчымлівым падарункам для ваеннаслужачых тэрміновай службы сталі пісьмы ад удзельнікаў сумеснага праекта «Ляхавіцкага весніка» і аддзела па адукацыі райвыканкама «Школьны дзённік». На мінулым тыдні рабяты з Дараўскай, Жарабковіцкай, Падлескай, Начаўскай, Крывошынскай школ, гімназіі пісалі нашым салдатам традыцыйныя – папяровыя – пісьмы.
А ўжо жарабковіцкія рабяты са Школы міру ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі іх кіраўніку батальёна. Шчымлівы момант, калі салдаты чыталі пажаданні юных ляхавічан – «заставацца героем», «лёгкай службы», «быць патрыётам» і, канешне, шчырая ўдзячнасць, што сёння абараняюць наш беларускі мір.
А канцэртная праграма ад наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту прыемна дапоўніла сустрэчу.
– Як жа цёпла гучыць акцыя «Маміны пірагі». Гэта пяшчота і клопат пра нашых салдатаў, нашых абаронцаў. Прыемна, што столькі нераўнадушных зямлячак сталі ўдзельніцамі такой добрай справы. Не перадаць той атмасферы, якая панавала ў часці. Такі нечаканы, але такі прыемны сюрпрыз падарыла раённая арганізацыя БСЖ. Важна, што да нас далучалася і маладзёжнае крыло: стала ініцыятарам акцыі «Пісьмо салдату». Нашы дзеці да пісьмаў паставіліся вельмі сур’ёзна, у простыя словы ўклалі важны сэнс мірнага жыцця. Было відавочна, што вось гэтыя простыя словы, пажаданні ад нашых дзяцей трапілі ў самае сэрца салдатам тэрміновай службы, – адзначыла старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Вольга Бурак.

Маргарыта Кухта-Маслоўская.
Фота з архіва РА БСЖ.