Прыдарожныя агледзіны. «ЛВ» адправіўся з супрацоўнікамі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў рэйд

У першы сёлета сумесны рэйд па добраўпарадкаванні «ЛВ» адправіўся з супрацоўнікамі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У цэнтры ўвагі – прыдарожныя палосы на самых запатрабаваных аўтадарогах, якія праходзяць праз Ляхавіцкі раён.

Першы адрас – аўтадарога Баранавічы – Ляхавічы, якую абслугоўвае ДЭУ-24.
– Відавочна, санітарны стан прыдарожных палос па абодва бакі нездавальняючы. Зараснікі хмызняку і паўсюдна ветравальна-бураломныя і засохлыя дрэвы, на жаль, звыклая карціна для гэтага адраса. Калі работы па добраўпарадкаванні і праводзяцца, то робіцца гэта ў хаатычным парадку. Кульгае і якасць работ. Здавалася б, зараз самы час, каб заняцца выдаленнем старога кустоўя і дрэў, бо не праводзяцца асноўныя работы па рамонце дарожнага пакрыцця, не трэба абкошваць палосы. Неаднойчы звярталіся да кіраўніцтва ДЭУ-24
і нагадвалі пра неабходнасць навядзення парадку. У адказ чулі толькі абяцанні. Зрухаў да лепшага і выніковых дзеянняў пакуль не відаць, – адзначае начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Траяноўская.
Трэба аддаць належнае дарожнікам наконт тэрыторыі непасрэдна паабапад дарогі – тут чыста.
Але ўражанне сур’ёзна псуе зараснік хмызняку, які нагадвае хутчэй дрымучы гушчар, чым прыдарожную лесапаласу.
Дарэчы, справа не толькі ў непрывабным эстэтычным выглядзе такіх палос, але і небяспецы, якую ўтвараюць старыя дрэвы, што пры моцным парыве ветру могуць упасці на транспартны сродак –
да трагедыі недалёка.
Дарога Р-43 (знаходзіцца на абслугоўванні ДЭУ-23), больш знаёмая як Слуцкая траса, не надта памяняла адмоўнае ўражанне ад парадку на прыдарожных палосах. Калі хутка не ўзяцца за справу, то праз некалькі гадоў са старых, засохлых, аварыйных дрэваў утворыцца высокая сцяна – непрыгожа і небяспечна.
І якое ж уражанне складзецца пра Ляхавіччыну ў тых, хто праязджае па гэтай дарозе?
Праз сотню метраў зусім іншы прыклад.
– Парадак, нібы ў гарадскім парку. Дрэвы ў радок, паміж імі ўсё вычышчана, сухія галіны зрэзаны і вывезены. Так наводзяць парадак на падведамасных тэрыторыях работнікі Ляхавіцкага лясгаса, за кожным лясніцтвам замацаваны свой участак, – каменціруе ўбачанае галоўны спецыяліст райінспекцыі Аляксандр Курловіч.
І нібы працяг тэмы – ва ўсю кіпяць работы на Слуцкай трасе: лясгасаўцы расчышчаюць лесапалосы ад апалага галля, старога хмызняку, паваленых непагодай дрэў.
Здавалася б, лясгасу можна паставіць выдатна за добраўпарадкаванне менавіта на прыдарожных палосах. Але і ў зоне іх адказнасці знайшлося месца недапрацоўкам. Паабапал дарогі ў напрамку Набярэжнай пры з’ездзе з аўтадарогі Р-43 у лесапаласе непрыбраныя паваленыя дрэвы, раскіданае старое галлё, горы хмызняку. Трэба неадкладна выпраўляць сітуацыю.
Вясна толькі пачынаецца. Таму разнастайныя рэйды, маніторынгі будуць усё часцейшымі і рэгулярнымі. Каб не было сорамна ні перад гасцямі, ні перад самімі сабой, давайце разам навядзём парадак у агульным доме.

Галіна КАНЬКО.