Па праве канстытуцыйным. 15 сакавіка адзначаем дзяржаўнае свята – Дзень Канстытуцыі

15 сакавіка адзначаем дзяржаўнае свята – Дзень Канстытуцыі. Сёлета гэты дзень набывае асаблівую актуальнасць і значэнне: роўна год назад у сілу ўступіла абноўленая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – новы Асноўны Закон Беларусі, падтрыманы грамадзянамі 27 лютага 2022 года на рэферэндуме па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю краіны.

Адна з вызначальных старонак у гісторыі незалежнай Беларусі – прыняцце Канстытуцыі 1994 года, якая стала першай у гісторыі суверэннай рэспублікі і пятай па ліку Канстытуцыяй Беларусі. З яе прыняццем быў замацаваны статус нашай рэспублікі як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы. Беларускі народ рэалізаваў імкненне быць гаспадаром на сваёй роднай зямлі. У дакумент ад 15 сакавіка 1994 года змяненні і дапаўненні ўносіліся некалькі разоў. Сярод важных дат і 24 лістапада 1996 года, калі 70,5 працэнта ад агульнай колькасці выбаршчыкаў падтрымалі праект Канстытуцыі, які прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. Гэта быў другі ў біяграфіі нашай краіны рэферэндум. Яшчэ адно з дапаўненняў адбылося на Усебеларускім рэферэндуме 17 кастрычніка 2004 года.
Час ідзе, грамадства і палітычная сістэма перайшлі на новы ўзровень. Выклікі з-за мяжы патрабавалі адпаведных адказаў. Стала відавочна: Асноўны Закон трэба, так сказаць, трансфармаваць. Праект новай Канстытуцыі абмяркоўвалі ўсёй краінай. Дыялогавыя пляцоўкі, дыспуты і іншыя мерапрыемствы аб’ядналі беларусаў у жаданні вызначыць будучыя стратэгічныя напрамкі развіцця Беларусі. Жыхары Ляхавіччыны таксама актыўна ўключыліся ў працэс і ўносілі свае ідэі і прапановы ў праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі.
4 сакавіка на ўрачыстай цырымоніі падпісання Рашэння рэспубліканскага рэферэндуму Кіраўнік дзяржавы
Аляксандр Лукашэнка назваў Абноўлены Асноўны Закон Беларусі Канстытуцыяй будучыні. За змяненні Асноўнага Закона прагаласавалі
82,86 працэнта грамадзян, якія мелі права галасаваць.
Згодна з воляй беларускага народа, у краіне з’явіўся новы орган улады – Усебеларускі народны сход, які надзелены шырокімі паўнамоцтвамі. У галоўным дакуменце краіны выкладзены важныя асновы для ўсяго народа і для кожнага беларуса: «дзяржава аказвае падтрымку сем’ям з дзецьмі, дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў», «дзяржава садзейнічае духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварае неабходныя ўмовы для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі патэнцыялу моладзі ў інтарэсах усяго грамадства» і г. д.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Мацкевіч была намеснікам старшыні Ляхавіцкай раённай камісіі па рэферэндуме, прымала ўдзел у шматлікіх дыялогавых пляцоўках па абмеркаванні праекта Канстытуцыі, мела гонар прысутнічаць у Палацы Незалежнасці, калі Прэзідэнт
Аляксандр Лукашэнка падпісаў Рашэнне рэспубліканскага рэферэндуму. 
– Лічу, што абноўленая Канстытуцыя стала для насельніцтва гарантам стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Важна, што ў дакуменце сярод іншага прапісаны і захаваны маральныя прынцыпы. Напрыклад, «кожны абавязаны берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці. Захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, патрыятызм з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь».
У нашым раёне вельмі добра ведаюць пра трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, беражліва адносяцца да памяці і шануюць подзвіг беларускага народа ў час ваеннага ліхалецця. Каб увекавечыць памяць усіх землякоў, якія былі спалены ці загінулі ад рук фашыстаў, у раёне быў аб’яўлены конкурс на лепшы эскіз памятнага знака, прысвечанага спаленым вёскам Ляхавіччыны. Нядаўна вызначаны яго пераможцы. Можна яшчэ многае назваць, што замацавана ў Канстытуцыі і сёння ўвасоблена ў канкрэтных
справах на прыкладзе нашага раёна. Галоўнае, каб дзяржаўны клопат успрымаўся не як належнае, а як стымул садзейнічаць росквіту дзяржавы, – адзначыла Наталля Мацкевіч.
Напярэдадні Дня Канстытуцыі па ўсёй краіне, ва ўстановах адукацыі традыцыйна праходзіць Усебеларуская акцыя «Мы – грамадзяне Беларусі!». Мы – разам, і мы ганарымся сваёй Айчынай!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.