Новая і стыльная. У СУП «Ліпнянка» адкрылі новую малочнатаварную ферму на 520 галоў БРЖ

Усё гэта аб’ектыўна і ўсё пра яе – малочнатаварную ферму «Ліпск» СУП «Ліпнянка». Урачыстае адкрыццё жывёлагадоўчага аб’екта адбылося ў мінулы чацвер у абставінах павышанага інтарэсу, зялёна-чырвоных колерах і музычным суправаджэнні.

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

Але сказаць пра ліпскі аб’ект, што ён ад падмурка да даху новы, будзе не дакладна. Ферма працавала і раней, давала прывагі, надоі. І паступова аджывала свой ужо глыбока не сучасны век. Цяпер адбылася яе карэнная рэканструкцыя, якая месцамі старых каменя на камені не пакінула. Тут створаны выдатныя ўмовы і магчымасці для ўтрымання жывёлы і для работы жывёлаводаў. Усюды бляск свежай абліцоўкі, у кожнага са спецыялістаў фермы свае вытворча адаптаваныя квадратныя метры. Пра санітарна-бытавыя памяшканні і гаварыць не даводзіцца – прысутнічае ўсё неабходнае і па самым высокім разрадзе камфорту і ўтульнасці.
Ну і статак пастаўленай на ўтрыманне жывёлы, які, па словах першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілія Пыжыка, з’яўляецца патэнцыяльна самым высокапрадукцыйным у раёне.


Рэабілітацыя, калі не сказаць рэанімацыя, жывёлагадоўчага аб’екта стала магчыма дзякуючы грашовым і не толькі «ўліванням» сялянска-фермерскай гаспадаркі «Вопыт КАА». Кіруе СФГ Аляксей Копец, яе асноўныя вытворчыя фонды і галоўны офіс знаходзяцца ў Столінскім раёне. На землях «Ліпнянкі» столінцы асталяваліся некалькі раней, папрацавалі ў палях, верагодна, прыгледзеліся-прымерыліся і ўзяліся за развіццё жывёлагадоўлі. Без якой, па вялікім рахунку, і высокага раслінаводства не здараецца.
«Уходзіны», урачыстыя ўводзіны рэканструяванай малочнатаварнай фермы «Ліпск» адбыліся ў адпаведнасці з прынятым у такіх выпадках пратаколам. Быў сімвалічны ключ, падарункі, простыя ў сваёй сардэчнасці словы выступленняў.
Старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз выказаў упэўненасць у тым, што ўвядзенне ў строй новага жывёлагадоўчага аб’екта акажа станоўчае ўздзеянне на развіццё тэрыторый мясцовых сельсаветаў, прыдасць ім дадатковую дынаміку.
– Будзе работа ў вашых бацькоў, будзе яна і ў вас, калі вырашыце застацца ў родных мясцінах. Але дзе б вы не аказаліся, куды б не закінуў лёс – заўсёды памятайце пра малую радзіму, – звяртаючыся, у першую чаргу, да мясцовых школьнікаў, падкрэсліў кіраўнік раёна.
Як расказаў дырэктар СУП «Ліпнянка» Мікалай Брокар, ферма разлічана на ўтрыманне 520 кароў. Статак ужо фактычна сфарміраваны. І пераважна за кошт закупленых у Германіі нецеляў. МТФ абсталявана новым даільна-малочным блокам, а колькасны спіс работнікаў
МТФ складае каля двух дзясяткаў чалавек.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.