Разумець дзіця і быць з ім на адной хвалі. Педагог сацыяльны СШ №1 г. Ляхавічы адзначана дыпломам II ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама

Якімі прафесійнымі якасцямі павінен валодаць педагог сацыяльны? Педагог сацыяльны СШ № 1 Вікторыя Біза цвёрда ўпэўнена: перш за ўсё – любіць дзяцей і разумець іх, прымаць такімі, якія яны ёсць. Канешне, быць камунікабельным і добразычлівым, прынцыповым і аб’ектыўным, кампетэнтным і адказным…

Пералічаным якасцям у поўнай меры адпавядае Вікторыя Вацлаваўна, працоўная дзейнасць якой 15 гадоў звязана з сацыяльнай дапамогай і падтрымкай навучэнцаў і іх бацькоў, арганізацыяй прафілактычнай і сацыяльна значнай работы сярод дзяцей і дарослых і г. д.
Для рабят з СШ № 1 яна і паважаны педагог, і сябар, і дарадчык. Ведае, як знайсці агульную мову з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія пераступілі закон, і накіраваць іх па правільным жыццёвым шляху, пераканаць парушальніка паводзін у бесперспектыўнасці правапарушальнай сітуацыі і абавязкова абнадзеіць, што ёсць людзі, зацікаўленыя ў яго лёсе. А яшчэ вынікова паўздзейнічае на бацькоў, якія знайшлі інтарэс у спіртных напітках, разам з іншымі зацікаўленымі асобамі наведвае сем’і па месцы жыхарства і не спыняе кантроль, пакуль сітуацыя не будзе здаровай.
– На работу іду з жаданнем і радасцю – люблю сваю прафесію і калектыў. Вялікае задавальненне адчуваю, калі бачу дзяцей, якія ўсміхаюцца, калі, дзякуючы асабістым намаганням, навучэнец пачынае разумець важнасць закону, – адзначае педагог сацыяльны.
У фінале абласнога конкурсу «Педагог сацыяльны года», які ўпершыню прайшоў 31 сакавіка ў Пружанах, Вікторыя Біза паспяхова прэзентавала вопыт работы і дастойна справілася з двума конкурснымі заданнямі: «Адзін дзень з жыцця педагога сацыяльнага» і «Педагагічны кейс». У выніку з 12 канкурсантаў у намінацыі «Лепшы педагог сацыяльны ўстановы агульнай адукацыі» наша зямлячка адзначана дыпломам II ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. А перад гэтым пераадолела першы адборачны абласны тур, у якім на пуцёўку ў фінал прэтэндавалі больш за пяць дзясяткаў педагогаў.
– Вікторыя Вацлаваўна з тых, хто не баіцца браць на сябе адказнасць, і дзеля выніку не стамляецца шукаць і знаходзіць адказы. Прыйшла ў прафесію не выпадкова і марыла пра яе з дзяцінства. Любоў да дзяцей выхавала мама – таксама педагог. Да працоўных абавязкаў адносіцца, як да задач дзяржаўнай важнас-ці. І заўсёды імкнецца павысіць сваю прафесійную кампетэнтнасць. Узначальвае вучэбна-метадычнае аб’яднанне педагогаў сацыяльных устаноў адукацыі Ляхавіцкага раёна, – дзеліцца дырэктар СШ № 1 Наталля Кулак, якая разам з іншымі калегамі падтрымлівала педагога сацыяльнага непасрэдна ў зале.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.