Уплывова – па-прафсаюзнаму. На чарговае пасяджэнне савета Ляхавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў сабраліся прафсаюзныя лідары

На чарговае пасяджэнне савета Ляхавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў сабраліся прафсаюзныя лідары з усіх прафсаюзных арганізацый і пярвічак.

Удзел у канструктыўнай размове ўзялі старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Шум, старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Аксана Шамякова, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран.
Справаздачу аб рабоце ў мінулым годзе перад прафактывам раёна трымала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк:
– Мы ўдзельнічалі ў рабоце па абмеркаванні і растлумачэнні праекта змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь у працоўных калектывах. Нашы назіральнікі былі задзейнічаны непасрэдна ў рэферэндуме. Больш за 40 сустрэч з работнікамі прадпрыемстваў і арганізацый праведзена прафсаюзнымі актывістамі па абмеркаванні праекта Закона «Аб Усебеларускім народным сходзе». Асаблівая ўвага – і рабоце па захаванні памяці аб гістарычным мінулым Беларусі.
Дакладчык спынілася і на сістэме партнёрскіх адносін паміж органамі выканаўчай улады, прафсаюзамі і наймальнікамі. На членаў прафсаюза распаўсюджваюцца дзеянні 75 калектыўных дагавораў і трох пагадненняў. У 2022 годзе ўпершыню зарэгістраваны тры калектыўныя дагаворы – ПВГУП «БелГранітСэрвіс», ТАА «Бляшаначны завод «Інтэрлак», ТАА «Ажуруна». У 13 арганізацыях, дзе ёсць прафсаюзныя пярвічкі, калектыўныя дагаворы не заключаны.
На парадку дня – пытанні аховы працы. Са станоўчага боку Тамара Пракап’юк у гэтым накірунку назвала работу
Дараўскай СШ, якая стала пераможцай абласнога этапу агляду-конкурсу на лепшае правядзенне прафсаюзнымі пярвічкамі грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы. Аналагічнай узнагароды ў намінацыі «лепшы грамадскі інспектар» удастоена старшыня прафкама СШ № 1 Таццяна Абражэвіч. Першае месца ў раённым конкурсе на лепшую арганізацыю работы па ахове працы заняла УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» .
У 2021 годзе на прадпрыемствах і ў арганізацыях Ляхавіччыны створаны 10 новых пярвічак, у 2022 годзе – чатыры. Аднак ахоп прафсаюзным членствам адносна ўсіх працуючых у арганізацыях нізкі. Тамара Пракап’юк агучыла наступныя лічбы: на заводзе «Металапластмас» толькі 17 пра-
цэнтаў работнікаў – члены прафсаюза, на ТАА «ТМТ» –
12 працэнтаў, «Ібіры» – 5,5 працэнта. Гэта, на думку Тамары Пракап’юк, гаворыць пра фармальны падыход пры стварэнні пярвічак на прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасці і нежаданне кіраўніцтва прыватных арганізацый развіваць супрацоўніцтва з прафсаюзамі. Увогуле, у нашым раёне ў 36 арганізацыях адсутнічаюць прафсаюзныя пярвічкі. Вось і шырокае поле дзейнасці, каб колькасць членаў гэтай уплывовай грамадскай сілы (зараз на Ляхавіччыне больш за 7 300 членаў прафсаюза) істотна павялічвалася.
– У Год міру і стварэння прафсаюзы актывізавалі ў працоўных калектывах раёна работу па рэалізацыі ініцыятыў грамадзян, накіраваных на ўмацаванне ладу і згоды ў беларускім грамадстве, – падкрэслівае прафсаюзны лідар Ляхавіччыны.
Тамара Пракап’юк расказала, што асаблівая ўвага будзе накіравана на ўзмацненне сумеснай з мясцовымі органамі ўлады работы па рэалізацыі сацыяльна значных праграм і мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне занятасці насельніцтва, росту заработнай платы. Як і раней, на парадку дня – прававая абарона грамадзян, у тым ліку праз грамадскі кантроль, кансультаванне, дасудовае вырашэнне індывідуальных працоўных спрэчак, а пры неабходнасці і прадстаўленне іх інтарэсаў у судзе. У полі зроку прафсаюзаў застануцца пытанні аховы працы, заключэнне калектыўных дагавораў, правядзенне адзінага дня прафілактыкі вытворчага траўматызму. Без увагі не застанецца і культурна-масавая і фізкультурна-аздараўленчая работа, арганізацыя вольнага часу членаў прафсаюза.
Прыемным момантам стала ўзнагароджанне самых актыўных. Падзяка старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў уручана пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Начаўскай СШ і Начаўскага дзіцячага сада, ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», Ляхавіцкага лясгаса за надзейнасць, выніковае сацыяльнае партнёрства, садзейнічанне прафсаюзу ў ажыццяўленні праграм яго дзейнасці, актыўны ўдзел у рэалізацыі прафсаюзных ініцыятыў.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.