За перамогу – білет на «Поезд Памяці». Пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Перамогу ўшаноўваем, герояў памятаем» прызнаны кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні СШ № 2
Чарговай перамогай адзначыліся ляхавічане ў беларуска-расійскім праекце «Поезд Памяці–2023». Пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Перамогу ўшаноўваем, герояў памятаем» прызнаны кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні СШ № 2 Віталій Толкач.
Асноўная мэта конкурсу – выяўленне таленавітых, творчых, крэатыўных педагогаў, якія займаюцца выхаваннем сённяшняга пакалення ў духу патрытызму, гуманізму, захавання культурных і духоўных традыцый беларускага народа. Не менш важнае і пытанне распаўсюджвання педагагічнага вопыту, інавацыйных падыходаў у арганізацыі работы з выхаванцамі. Абавязковыя ўмовы для ўдзельнікаў – стаж педагагічнай работы не менш за тры гады і вопыт педагагічнай дзейнасці ў якасці выхавальніка ў аздараўленчых лагерах.
– Спачатку быў раённы этап. Неабходна было зрабіць відэапрэзентацыю, падрыхтаваць эсэ «Паклон і памяць пакаленняў», арганізацыйна-метадычныя матэрыялы «Нам з важатым па дарозе»… У нашай школе сабраны багаты і разнапланавы матэрыял па патрыятычным выхаванні. Кожны экспанат музея баявой і працоўнай славы – змястоўны расказ пра тое, як жылі, працавалі, адстойвалі незалежнасць сваёй краіны мінулыя пакаленні. Школьнікі і педагогі зрабілі нямала, каб экспазіцыя музея пашыралася. Адзін з апошніх здабыткаў – выстава, прысвечаная тэме генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У яе экспазіцыі нямала экспанатаў, прадастаўленых пракуратурай Ляхавіцкага раёна, знойдзеных рабятамі пошукава-даследчага атрада «Следапыты», які даўно дзейнічае ў СШ № 2. Хачу, каб пра гэта ведалі не толькі на Ляхавіччыне, але і па ўсёй краіне, – адзначае Віталій Толкач.
У бліжэйшыя дні Віталій Толкач прадставіць Брэстчыну на заключным этапе конкурсу, які пройдзе ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня».
Галіна КАНЬКО.