І зашапаціць дубовы гай. У мінулы чацвер работнікі розных падраздзяленняў Ляхавіцкага райвыканкама высадзілі дубовыя саджанцы
Сярод разнастайных мерапрыемстваў чыстага красавіка – экалагічная акцыя «Тыдзень лесу». У мінулы чацвер кіпела работа на адным з участкаў Мядзведзіцкага лясніцтва недалёка ад Кургана Славы.
На некалькі гадзін кабінетную работу змянілі на лесааднаўленчую дзейнасць работнікі розных падраздзяленняў Ляхавіцкага райвыканкама. Працоўны дэсант узначалілі старшыня райвыканкама
Мікалай Мароз і кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч.
Узброіўшыся разнастайнымі інструментамі, інвентаром, работнікі райвыканкама пад кіраўніцтвам лясгасаўцаў высадзілі ў межах рэспубліканскай добраахвотнай акцыі «Тыдзень лесу» больш за дзве тысячы саджанцаў дуба. Працавалі самааддана, з настроем. Падчас генеральнага красавіцкага прыбірання аб’ядноўвала карыснасць і важнасць справы, яе стваральнасць. Такая акцыя дазваляе кожнаму прадэманстраваць клопат пра будучыню прыроды і роднай Беларусі.
Вось і напісана землякамі чарговая экалагічная старонка ў летапіс добрых спраў у Год міру і стварэння. Пройдзе час, і зашапаціць лісцем дубовы гай – прывітанне нашчадкам ад сённяшніх пакаленняў ляхавічан.
А вы пасадзілі сваё дрэва?
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.