Тэлефонныя махляры блізка! На мінулым тыдні шквал кібератак ахапіў Ляхавіцкі і Баранавіцкі раёны

Узрушаная суседка расказала, як патэлефанавалі незнаёмыя і паведамілі пра трагічны выпадак, што здарыўся з яе дачкой: маўляў, пасля аварыі яна трапіла ў бальніцу, ёй патрабуецца медыцынская дапамога і лякарствы, якія дорага каштуюць. Таму незнаёмцы прапанавалі жанчыне перадаць неадкладна 20 тысяч рублёў кур’еру, які пад’едзе па ўказаным адрасе праз дзясятак хвілін. Суседцы хапіла розуму патэлефанаваць унучцы, якая сказала, што з мамай усё ў парадку. Родныя звязаліся з жанчынай і забаранілі ёй камусьці перадаваць пэўныя сумы.

У прыведзеным выпадку пастка махляроў не спрацавала. Аднак
у гэтыя дні не ўсім ахвярам злачынцаў пашанцавала. Начальнік Ляхавіцкага РАУС Андрэй Бурдзь расказаў, што на мінулым тыдні шквал кібератак ахапіў Ляхавіцкі і Баранавіцкі раёны. Так, у Баранавічах адна пенсіянерка перадала кур’ерам за «непрыцягненне» яе сваяка да крымінальнай адказнасці 8 тысяч рублёў, другая – 32 тысячы долараў.
– Літаральна дзясятка хвілін не хапіла некалькім пажылым ляхавічанам, каб адправіць на ўказаныя махлярамі разліковыя рахункі немалыя сумы грошай. Абапіраючыся на аператыўныя даныя, супрацоўнікі РАУС спынілі незаконныя дзеянні і тым самым
папярэдзілі злачынства. А пачыналі падзеі разгортвацца па традыцыйным сцэнарыі. На гарадскі ці мабільны тэлефон патэнцыяльнай ахвяры паступаў званок пра тое, што па віне блізкага чалавека адбылося дарожна-транспартнае здарэнне, і для паспяховага дасудовага вырашэння пытання патрабуецца вялікая сума грошай. Адным прапаноўвалі перадаць грошы праз кур’ера, іншым – схадзіць у банк ці паштовае аддзяленне і перавесці грошы на ўказаны рахунак. Што тычыцца кур’ераў, нагадаю, яны разам з іншымі ўдзельнікамі злачынных схемаў нясуць крымінальную адказнасць і абавязаны вяртаць нанесеныя страты. Акрамя таго, калі ў ролі кур’ераў непаўналетнія, а менавіта ім апошнім часам усё часцей праз інтэрнэт прапаноўваюць лёгкі заробак,
на які падлеткі згаджаюцца, адказнасць нясуць іх бацькі, – адзначае начальнік РАУС.
У Баранавічах праваахоўнікі ўстанавілі асобы кур’ераў і затрымалі зламыснікаў. Імі аказаліся 18-гадовая дзяўчына і два 17-гадовыя юнакі. Яны паспелі папрацаваць кур’ерамі тэлефонных махляроў усяго суткі. Але, тым не менш, у дачыненні іх узбуджана крымінальная справа.
– Знайдзіце некалькі хвілін, каб патэлефанаваць сваім бацькам ці іншым сваякам пажылога ўзросту з просьбай не паддавацца на ўгаворы незнаёмцаў, якія па тэлефоне паведамляюць пра трагедыю са сваякамі і прапаноўваюць для паспяховага вырашэння пытання пералічыць немалую суму грошай або перадаць яе праз кур’ера. Самае першае, што неабходна зрабіць у такой сітуацыі – пастарацца дазваніцца да сваіх блізкіх. Ды і ўвогуле, варта памятаць, што ўсё неабходнае лячэнне ў нашай краіне аказваецца бясплатна, і ніякі ўрач не будзе тэлефанаваць блізкім і родным пацярпелага і патрабаваць з іх грошы на лячэнне. І яшчэ, калі такі тэлефонны званок паступае, абавязкова звярніцеся ў міліцыю, –
падкрэслівае Андрэй Бурдзь.

Галіна КАНЬКО.