Не чакайце штрафу! Наводзьце парадак
Не толькі падчас месячніка па навядзенні парадку і чысціні, але і заўжды на працягу года супрацоўнікі зацікаўленых службаў праводзяць маніторынгі і рэйды па санітарным стане тэрыторый агульнага карыстання, прадпрыемстваў і арганізацый, двароў шматкватэрнікаў, прыватнага жыллёвага фонду. На жаль, не ўсе прыватнікі аказваюцца дбайнымі гаспадарамі. І тычыцца гэта як гараджан, так і вяскоўцаў.
Найбольш часта аўтары безгаспадар-часці забруджваюць двары і прыдамавыя тэрыторыі будаўнічымі матэрыяламі (пясок, дошкі, цэгла) і рознымі бытавымі адходамі. Нямала прэтэнзій у кантралюючых службаў і да знешняга выгляду агароджы, фасадаў дамоў, тэхнічнага стану дамоў і гаспадарчых пабудоў. Калі ў такіх выпадках прапановы і просьбы навесці парадак не сустракаюць водгуку ва ўласнікаў пабудоў, то прымяняюцца меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Згодна з артыкулам 22.9 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за непрыняцце мер па падтрыманні ў належным стане знешняга выгляду жылых дамоў, іншых збудаванняў і агароджы прадугледжаны штраф у памеры ад дзвюх да 15 базавых велічынь
(ад 74 да 555 рублёў).
Адпаведна артыкулу 22.10 КоАП – загрувашчванне вуліц, плошчаў, двароў, іншых земляў агульнага карыстання будаўнічымі матэрыяламі і іншымі прадметамі караецца штрафам да пяці базавых велічынь (185 рублёў). А парушэнне іншых правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, як і невыкананне работ па падтрыманні належнага санітарнага стану на тэрыторыях земляў агульнага карыстання, у тым ліку на прылеглых да прадастаўленых грамадзянам зямельных участкаў, цягне штраф
у памеры да 25 БВ (925 рублёў).
Наталля МАСЛОЎСКАЯ, галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама.