Вучыцеся шанаваць гісторыю ў беларусаў, ці Наша пасланне заходнім суседзям

Так і хочацца сказаць нашым заходнім суседзям: «Вучыцеся шанаваць гісторыю ў беларусаў!». Нам не трэба яе перапісваць і падстройваць пад сябе, мы не гераізуем антыгерояў, ведаем у твар тых, хто хоць аднойчы зрабіў замах на наш суверэнітэт і незалежнасць, але разам з тым нікому не дазваляем глуміцца з гістарычных фактаў. Беларусы збераглі чалавечнасць.
Рэха Першай сусветнай вайны і сёння водгаласкамі
нагадвае пра тыя падзеі. Ляхавіччына не выключэнне ў гэтай крывавай гісторыі. Захавальнік той рэаліі – наш Літоўскі лес. Праз вёску Літву праходзіла лінія фронту Дзвінск – Паставы – Баранавічы – Пінск. Як сведчыць кніга «Памяць. Ляхавіцкі раён», у 1915 годзе германскім войскам удалося развіць наступленне і захапіць значную частку тэрыторый Расіі. Наша Ляхавіччына падзялілася на дзве часткі,
дзе ішлі ваенныя дзеянні.
19 чэрвеня 1916 года пачалася Баранавіцкая наступальная аперацыя. І менавіта наша зямля стала месцам, дзе прайшлі жорсткія баі. Ад тых падзей на ляхавіцкай зямлі і па сёння захаваліся дзоты (па дарозе Ляхавічы – Баранавічы).
А яшчэ ў Літоўскім лесе ёсць трое нямецкіх могілак, дзе пахаваны невядомыя нямецкія салдаты – удзельнікі Першай сусветнай вайны. І менавіта гэтыя пахаванні сталі фронтам чыстага марафону вучняў Дараўскай СШ. Выграбалі старое лісце, прыбіралі галінкі дрэў, вычысцілі помнікі і памятныя надпісы. Гэта элементарная павага да тых, хто назаўсёды застаўся ў нашай зямлі.
У беларусаў так заведзена, што з дзяцінства мы выхоўваем павагу да гісторыі. Кожны яе віток – гэта наш жыццёвы ўрок. Вайна – гэта ўрок, які ніколі не павінен паўтарыцца, і мы, беларусы, яго засвоілі. Павага да тых, хто пахаваны, таксама наша духоўная рыса. Мы разумеем, што пад плітой – не нашы героі, але разам з тым разумеем, што вышэйшая каштоўнасць – чалавечае жыццё. І ніводнае месца пахавання на нашай зямлі не павінна быць закінутым. Няхай Захад дэманструе ўсяму свету, як зносяць помнікі сапраўдным героям. За гэта іх нашчадкам будзе сорамна. Але не дай божа нам сёння прайсці шляхам вайны.
– Нашы рабяты ведаюць гісторыю, разумеюць, хто ёсць хто ў кожнай гістарычнай падзеі, нам не трэба белых плям, замоўчванняў. Мы проста шануем памяць, – разважае настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Дараўскай СШ Марыя Пятрушка. І гэтыя словы пацвярджаюць, што мы правільна выхоўваем падрастаючае пакаленне.
Такі працоўны дэсант для рабят суправаджаўся ўрокам гісторыі. Яшчэ раз успомнілі пра падзеі Першай сусветнай вайны, месца Ляхавіччыны ў іх.
Побач з моладдзю працавалі на добраўпарадкаванні тэрыторыі і работнікі Ляхавіцкага лясніцтва. Распілоўвалі паваленыя дрэвы, прыбіралі бытавое смецце, а таксама расчышчалі пад’язныя шляхі.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.