Пра тое, што важна заўжды. У мінулы чацвер інфармацыйна-прапагандысцкія групы працавалі на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах Ляхавіччыны

Пасланне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу – гэта і аналіз таго, што адбывалася ў краіне за мінулы год, і праграма развіцця Беларусі на бліжэйшую перспектыву.

Тэмы, узнятыя падчас Паслання, важныя і актуальныя для кожнага
жыхара рэспублікі. Прычым, незалежна ад таго, тычацца яны знешнепалітычнага курсу ці падзей, што адбываюцца непасрэдна ў Беларусі. Таму яны і сёння не менш актыўна абмяркоўваюцца, як і адразу пасля Паслання. Гэта тэма стала адной з асноўных падчас адзінага дня інфармавання. У мінулы чацвер інфармацыйна-прапагандысцкія групы працавалі на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах Ляхавіччыны. ІПГ пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Мікалая Мароза сустрэлася з калектывам КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».


Мікалай Мароз, які ў складзе дэлегацыі Ляхавіцкага раёна прымаў удзел у вызначальным для ўсёй краіны мерапрыемстве, падзяліўся ўражаннямі ад пачутага і ўбачанага.
Кіраўнік раёна адзначыў, што Прэзідэнт спыніўся на ўсіх найбольш важных аспектах развіцця беларускай дяржавы: эканоміцы, імпартазамяшчэнні, сельскай гаспадарцы, адукацыі, навуцы, ахове здароўя, спорце. Кіраўнік дзяржавы зазначыў, што санкцыі загартавалі беларускую эканоміку і сталі штуршком для развіцця высокатэхналагічных вытворчасцей, адкрылі новыя стасункі з іншымі замежнымі краінамі, дзе наладжаны рынкі збыту беларускай прадукцыі. Размова ішла пра абараназдольнасць і бяспеку незалежнай Беларусі, сярод тэм і размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі нашай краіны – як залог бяспекі і недапушчэння развязвання вайны ў Беларусі.
Мікалай Мароз акцэнтаваў увагу работнікаў камунгаса і на тым, што неаднойчы Аляксандр Лукашэнка спыніўся і на тэме выхавання патрыятызму і падкрэсліў, наколька важна помніць і ведаць урокі Вялікай Айчыннай вайны, каб вайна ніколі зноў не паўтарылася. Ні ў якім разе нельга дапусціць і перапісвання гісторыі. Да чаго гэта прыводзіць, можна ўбачыць на лёсе нашых суседзяў – украінцаў.
Уздымалася і пытанне захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцей. Акрэсліў Мікалай Мароз і спартыўную тэму. Празаходнія спартыўныя функцыянеры прадаўжаюць палітыку ўмяшання ў спорт, адхіленне расійскіх і беларускіх спартсменаў ад многіх міжнародных спаборніцтваў – таму пацвярджэнне. І тым не менш, дзякуючы намаганням кіраўніцтва Беларусі і Расіі, спартсмены нашых краін маюць магчымасць спаборнічаць падчас сумесных стартаў.
Звяртаючыся да работнікаў камунгаса, Мікалай Мароз сказаў, што задача кожнага – плённа і адказна працаваць, добрасумленна выконваць свае прафесійныя абавязкі. Усё гэта дзеля ўласнага дабрабыту і шчаслівага заўтра сваіх дзяцей, унукаў і сваёй краіны. І менавіта ад камунальнікаў у многім залежаць утульнасць і прыгажосць нашай Ляхавіччыны.
На ключавых аспектах Паслання Прэзідэнта спынілася і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач.
Начальнік РАУС Андрэй Бурдзь расказаў пра аператыўную сітуацыю на Брэстчыне і ў Ляхавіцкім раёне, у прыватнасці з карупцыйнай злачыннасцю, а таксама спыніўся на мерах па супрацьдзеянні карупцыі.
Інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Юрыя Чаранкевіча працавала ў гэты дзень у РАНС і Начаўскай СШ.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.