Наш суботнік – традыцыя моцнага народа

22 красавіка, калі па ўсёй краіне маштабна праходзіў рэспубліканскі суботнік, ляхавічан у памкненні зрабіць малую радзіму яшчэ лепшай аб’яднаў і раённы суботнік. Працоўныя дэсанты ў нашым раёне пачаліся яшчэ напярэдадні.

Напрыклад, у пятніцу калектывы розных падраздзяленняў райвыканкама і іншых арганізацый працавалі ў зоне адпачынку ракі Ведзьмы. Работы хапіла ўсім: зграбалі апалае лісце, высякалі кустоўе. Адным словам, рабілі ўсё, каб ляхавічанам адпачывалася камфортней.
Яшчэ адна кропка, дзе разгарнуліся чыстыя работы, – уезд у Ляхавічы з боку Баранавічаў. Там таксама фронт работы немалы: зараснікі кустоўя, мінулагодняе лісце – усё ў мінулым, цяпер там пануюць чысціня і парадак.

Рэспубліканскі суботнік 22 красавіка ляхавічане сустрэлі пасадкай дрэў. Кіраўнік раёна Мікалай Мароз з прадстаўнікамі розных структур райвыканкама, службаў, прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў рабілі ўезд у горад зелянейшым. Уздоўж вуліцы Леніна высадзілі больш за 80 саджанцаў бярозак. Працавалі з добрым настроем, тым больш надвор’е парадавала ў гэты дзень па-сапраўднаму вясеннім цяплом. А ў хуткім часе больш за 230 саджанцаў будуць высаджаны ў скверы каля фантана, парках на плошчы Перамогі і па вуліцы Дзесюкевіча, па вуліцы Пташука, на дваровых тэрыторыях.
Пад кіраўніцтвам старшыні дэпутацкага корпуса раёна Юрыя Чаранкевіча самы сапраўдны патрыятычны лагер разгарнуўся на месцы, дзе зараз вядуцца рамонтна-аднаўленчыя работы, – на Кургане вечнай Славы. У гэтым знакавым месцы працавалі прадстаўнікі маладзёжных структур Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў, калектывы райаддзела Следчага камітэта і Ляхавіцкай пракуратуры, супрацоўнікі Ганчароўскага сельвыканкама.
– У дзень рэспубліканскага суботніка БРСМ і члены Маладзёжнага парламента двух суседніх раёнаў працуюць побач на месцы, што свята зберагае памяць пра абаронцаў нашай радзімы. У Год міру і стварэння гэта місія выглядае асабліва моцна. Калі Еўропа дэманструе ўсяму свету непавагу да тых, хто вызваляў ад фашысцкага прыгнёту іх дзядоў і прадзедаў, мы, наадварот, ушаноўваем нашых герояў, бо не маем права здрадзіць. Суботнік аб’яднаў нас не толькі з місіяй зрабіць малую радзіму лепшай, але і яшчэ раз паказаў, што толькі ў адзінстве наша сіла! – адзначае першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Дземідовіч.
22 красавіка па ўсім раёне шчыравалі нераўнадушныя ляхавічане. Грушаўскі парк таксама папоўніўся новымі зялёнымі насаджэннямі, працавалі ў былой сядзібе Чарноцкіх у Начы, Бохвіцаў у Флер’янове… Жыльцы шматкватэрнікаў таксама далучыліся да суботніка і паказалі, што з лёгкасцю талакой зробяць месца, дзе жывуць, больш утульным і камфортным.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.