У чым сіла патрыётаў. 28 красавіка ў гарадскім Доме культуры адбыўся пленум РА ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі»

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

Па-іншаму глядзець на свет, бачыць і адчуваць, не спыняцца і развівацца, пакараць новыя вяршыні, працаваць на карысць роднай Беларусі – гэтыя і многія іншыя пасылы гучалі ў адрас маладзёжных актывістаў Ляхавіччыны ў мінулую пятніцу.

Справаздачу аб выніках мінулага года трымала першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Дземідовіч.
Сёння моладзі патрэбны праекты, якія яе зацікавяць, адкажуць на пытанні грамадска-палітычнага ўкладу, дадуць праўдзівую ацэнку сітуацыі, пляцоўкі, дзе маладыя смела могуць прадставіць свае ініцыятывы. Інакш розумамі моладзі завалодаюць тыя, хто яе энергію і ідэі накіруе ў нездаровае рэчышча.
Прыемна, што шматлікімі акцыямі, чэленджамі, конкурсамі, святамі, спаборніцтвамі і іншымі формамі работы райкам БРСМ прыцягвае моладзь да актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці рэгіёна.
Сёння раённая арганізацыя БРСМ налічвае 1 153 члены, аб’яднаныя ў 43 пярвічныя арганізацыі. Рост ёсць, і гэта не можа не радаваць. Аднак, ёсць праблемнае пытанне наконт аплаты членскіх узносаў. І тычыцца гэта ў пераважнай большасці працоўнай моладзі. Таму, як адзначыла маладзёжны лідар раёна, недастатковую работу з працоўнай моладдзю ў гэтым годзе будзем паляпшаць.
Самая шматлікая пярвічная арганізацыя БРСМ, якая налічвае больш за 200 членаў, дзейнічае ў агракаледжы.
Сярод працуючай моладзі самая шматлікая – у Ляхавіцкай ЦРБ (103 члены БРСМ).
Анастасія Дземідовіч прааналізавала работу 2022 год па асноўных напрамках дзейнасці: грамадзянска-патрыятычнае выхаванне; працаўладкаванне моладзі (студатрадаўскі рух); падтрымка таленавітай і адоранай моладзі; прапаганда здаровага ладу жыцця; развіццё валанцёрскага руху; міжнароднае супрацоўніцтва; праца з моладдзю ў інфармацыйнай прасторы, прававое выхаванне моладзі.
Ключавым сюжэтам грамадска-палітычнага жыцця мінулага года стала прыняцце абноўленага Асноўнага Закона краіны. У перыяд са студзеня па люты 2022 года актывісты БРСМ правялі сустрэчы з працоўнай моладдзю ў фармаце адкрытага дыялогу «Сіла Асноўнага Закона». Абмяркоўвалі праект змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, маладыя людзі агучвалі свае прапановы і выказвалі меркаванні.
Анастасія Дземідовіч падкрэсліла, што і ў гэтым годзе працягнецца работа па працаўладкаванні моладзі. У 2022 годзе на тэрыторыі раёна працавала 17 студэнцкіх атрадаў: чатыры сельскагаспадарчыя, чатыры педагагічныя, дзевяць экалагічных.
У снежні 2022 года ў ГДК прайшла інтэлектуальная гульня «Бітва розумаў» сярод працоўнай моладзі горада. Юнакі і дзяўчаты ацанілі такі варыянт адпачынку на «ўра».
У Год міру і стварэння раённы камітэт БРСМ працягне работу па сваіх асноўных накірунках. Сярод іх – актыўнае супрацоўніцтва з Мала-
дзёжным парламентам пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў, развіццё студатрадаўскага руху. Асаблівая ўвага – дзейнасці маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, рабоце ў інфармацыйнай прасторы рэгіёна.
Трымалі слова і калегі «па цэху» – Маладзёжны парламент пры райсавеце. Старшыня МП Алена Сцяблова адзначыла, што летась сумесна з райкамам БРСМ правялі нямала дабрачынных акцый, экалагічных мерапрыемстваў, чыстых дэсантаў, каб заахвоціць нашу моладзь. Наперадзе шмат таго, чым будуць здзіўляць прадстаўнікі маладзёжных аб’яднанняў раёна. Анастасія Дземідовіч уручыла грамату абкама БРСМ лідару Маладзёжнага парламента раёна.
У гэты ж дзень на сцэну падымаліся і тыя, хто атрымаў членскія білеты. Апладысмен-ты гучалі ў адрас прадстаўнікоў лепшых пярвічных арганізацый раёна. Узнагароды і словы пажаданняў моладзі адрасавала намеснік старшыні райвыканкама Галіна Бацэнка:
– Грамадскае аб’яднанне «БРСМ» стала стартавай пляцоўкай для многіх ініцыятыў, сапраўдным сацыяльным ліфтам для юных талентаў. Менавіта вы, маладое пакаленне, складаеце працоўны, інтэлектуальны і творчы патэнцыял краіны, менавіта вам належыць будаваць нашу дзяржаву. Атрымліваючы адукацыю, выбіраючы працоўны шлях, ствараючы сем’і, вы закладваеце фундамент свайго шчасця і дабрабыту, а, значыць, і дабрабыту нашай рэспублікі.
З пажаданнямі заўжды быць патрыётамі, любіць Радзіму і дэманстраваць гэта на справе звярнуўся да моладзі кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч. Ён адзначыў, што гарантаванае першае працоўнае месца, матэрыяльнае заахвочванне, бясплатная і якасная адукацыя і многае іншае – усё гэта дзяржаўны клопат пра будучыню краіны. Давайце будзем удзячнымі і ўзаемнымі ў сваіх памкненнях.
За заслужанымі ўзнагародамі на сцэну падымаліся ўдзельнікі рэспубліканскага маладзёжнага патрыятычнага конкурсу «Хатынь вачамі дзяцей».
Патрыятычнае выхаванне моладзі – асноўны пасыл, на якім сканцэнтравала сваё выступленне дырэктар СШ№1, першы сакратар райкама Камуністычнай партыі Беларусі Наталля Кулак.
І ўручыла валанцёрам граматы за уклад у развіц-цё маладзёжнага валанцёрскага руху ГА «БРСМ» «Добрае сэрца».
Пераможцы раённага этапу рэспубліканскага прававога турніру «Сіла закону» таксама ў гэты дзень атрымалі ўзнагароды і каштоўны падарунак – Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
За актыўны ўдзел у дзейнасці маладзёжных атрадаў аховы правапарадку і развіццё маладзёжнага праваахоўнага руху ўзнагароджаны маладзёжны атрад аховы правапарадку «САПСАН» аграрнага каледжа.
А энергічна-музычны зарад бадзёрасці для актывістаў БРСМ падрыхтавалі артысты ГДК. І гэта было здорава!

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.