Журналісцкае шчасце. Святочны май падарыў журналістам і тым, хто мае дачыненне да друку, магчымасць адчуць асаблівасць сваёй справы. З Днём друку!

Святочны май падарыў журналістам і тым, хто мае дачыненне да друку, магчымасць адчуць асаблівасць сваёй справы. Заўжды буду сцвярджаць, што ў гэтай прафесіі не можа быць выпадковых людзей. І ў гэтым мяне пераканалі мае калегі. Калектыў «веснікаўцаў», дзе кожны чалавек – прыклад таго, як варта ставіцца да слова, да кожнага героя сваёй публікацыі, да падзеі. Мне пашчасціла працаваць і вучыцца ў лепшых. Няхай гэта гучыць і вельмі нясціпла.
Шчыра прызнацца, кожны нумар газеты – гэта экзамен, які «веснікаўцы» здаюць двойчы на тыдзень. Паверце, кожную сераду і суботу мы з мурашкамі і нецярпеннем гартаем любімую газету. Заўжды спадзяёмся, што адказалі на вашы інтарэсы, што змаглі паўплываць на вырашэнне спрэчных момантаў, што былі актуальнымі, што закранулі вашы пачуцці і трапілі ў самае сэрца.
Таму дазвольце павіншаваць вас, нашы падпісчыкі, з надыходзячым святам друку. Вы нашы стымул, матывацыя, вы тыя, дзеля каго мы пачынаем кожны інфармацыйны дзень. Дзякуй, што ў няпросты час інфармацыйнай вайны вы застаяцеся з намі. Сёння мы, як ніколі, адчулі неабходнасць моцнага журналісцкага слова. Слова, якое накіравана на ўмацаванне міру, на адзінства беларусаў. Мы не маўчым, калі бачым праблему, але і не спекулюем на ёй, не стараемся, як некаторыя, як мага мацней расхістаць сітуацыю, каб яшчэ больш абвастрыць абстаноўку. У гэтым і розніца… Дзякуй, што вы давяраеце нам свае праблемы і іх вырашэнне.
Разам з вамі мы прайшлі складаны шлях, калі так можна сказаць, пераўзбраення. І сёння разам трымаем пазіцыі, што ўмацоўваюць і нашу нацыянальную інфармацыйную бяспеку. За галоўныя прынцыпы бяром, перш за ўсё, справядлівасць, праўдзівасць, аб’ектыўнасць. А гэта якраз тое, чаго сёння так не хапае заходняй журналістыцы. У пагоні за навіной з разраду «сенсацыя», «такога вы яшчэ не бачылі», «нонсэнс» некаторыя «калегі» гатовы на вельмі бесчалавечныя рэчы. А за што ж так працуюць? За такія ж бесчалавечныя каментарыі і плюшкі ад заакіянскіх куратараў? Дык у чым жа тады сэнс іх журналістыкі? Абесчалавечыць свет?
Дзякуй богу, наша айчынная журналістыка заўжды востра трымала пяро ў накірунку справядлівага слова.
І за такое журналісцкае выхаванне дзякуй плеядзе таленавітых журналістаў, якія стварылі мацнейшы творчы падмурак. «Савецкі патрыёт», «Будаўнік камунізму», «Ляхавіцкі веснік» заўжды аб’ядноўвалі ўлюбёных у сваю справу людзей. Гартаючы падшыўкі розных гадоў, мы ганарымся, што кожны журналіст сваім радком пісаў гісторыю раёна. Вось пра адкрыццё кінатэатра,
а вось новы цэх кансервавага завода, вось новы будынак агратэхнікума, а вось нашы спартсмены з медалямі вяртаюцца на Ляхавіччыну… Ці ж не гэта шчасце – працягваць пісаць гісторыю зямлі, якую па-роднаму адчуваеш, любіш да бяспамяцтва…
Са святам, «веснікаўцы»!
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.