Падарунак жыццёвай важнасці. У Ляхавіцкай райбальніцы ўрачыста адкрыты кабінет камп’ютарнай рэнтгенаўскай тамаграфіі

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

Хто з нас не любіць атрымліваць падарункі! Радуюцца ім і дзеці, і дарослыя. Гэта шчасце, натхненне, добры настрой. Але ёсць падарункі – асаблівыя, жыццёва неабходныя, важныя не для аднаго канкрэтнага чалавека, а для многіх. Менавіта такі падарунак атрымалі днямі жыхары Ляхавіччыны. Доўгачаканая абноўка справіла наваселле ў Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Цяпер і ў нашым раёне ёсць уласны камп’ютарны тамограф.

Знамянальная падзея ў Ляхавічах прайшла з удзелам старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Юрыя Шулейкі, намесніка міністра аховы здароўя Беларусі Барыса Андрасюка, намесніка старшыні аблвыканкама Вадзіма Краўчука, начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Віктара Міхалоўскага, старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Мікалая Мароза.
У прывітальным слове Юрый Шулейка адзначыў, што стала добрай традыцыяй напярэдадні дзяржаўных свят адкрываць новыя сацыяльныя аб’екты, прадпрыемствы. У Беларусі развіццю аховы здароўя надаецца істотная ўвага, размова ідзе, у тым ліку, і пра перааснашчэнне медыцынскіх аб’ектаў. Губернатар Брэстчыны нагадаў, што сёлета камп’ютарны тамограф быў устаноўлены ў Камянецкай ЦРБ, у бліжэйшы час такі ж сучасны апарат пачне працаваць у Драгічынскай райбальніцы. Старшыня аблвыканкама падзякаваў медыкам за добрасумленную працу, адказнасць і прафесіяналізм і заўважыў, што кваліфікаваная медыцынская дапамога патрэбна не толькі ў горадзе, не менш яе чакаюць і ў сельскіх населеных пунктах.
Намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк падкрэсліў, што Прэзідэнт і ўрад вялікую ўвагу надаюць развіццю аховы здароўя, толькі сёлета выдаткавана больш за 750 мільёнаў рублёў на набыццё медыцынскага абсталявання. Устаноўка камп’ютарнага тамо-
графа – гэта ўнікальная магчымасць дыягнаставаць разнастайныя паталогіі на ранніх стадыях. І, як зазначыў намеснік міністра, для паўнацэннага выкарыстання ўсіх функцыянальных магчымасцей
апарата, выканання КТ-працэдур патрабуецца інжэктар для правядзення кантрастнага ўзмацнення. Такі апарат арыенціровачным коштам больш за 100 тысяч рублёў таксама ў хуткім часе павінен з’явіцца ў Ляхавіцкай ЦРБ.
Юрый Шулейка ўручыў Грамату абласнога выканаўчага камітэта загадчыку рэнтгенаўскага аддзялення Ляхавіцкай ЦРБ Сяргею Памазанскаму.

Падзячным пісьмом Брэсцкага аблвыканкама адзначана галоўная медыцынская сястра райбальніцы Ала Туркіна.
Павіншаваў са знамянальнай падзеяй і старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз. Кіраўнік раёна уручыў узнагароды райвыканкама загадчыку хірургічнага аддзялення райбальніцы Андрэю Пуцілаву, урачу ультрагукавой дыягностыкі Аляксандру Літвіненку, урачу агульнай практыкі аддзялення агульнай урачэбнай практыкі паліклінікі Вользе Васілько.


Галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч расказаў пра работу сістэмы аховы здароўя Ляхавіччыны, пра тое, як выра-
шаюцца кадравыя пытанні, пра забяспечанасць медыцынскім абсталяваннем.
Магчымасці КТ даволі шырокія. Як расказаў Георгій Хлябовіч, апарат дазволіць вывесці на новы ўзровень дыягностыку анкалагічных, хірургічных, неўралагічных, нейрахірургічных захворванняў жыхарам не толькі Ляхавіцкага, але і Ганцавіцкага раёнаў, тым самым дазволіць разгрузіць дыягнастычныя КТ-кабінеты медустаноў Баранавічаў. Для архівіравання даных КТ-даследаванняў закуплены камп’ютар коштам амаль 10 тысяч рублёў, які выконвае функцыі сервера. У сакавіку бягучага года КТ быў устаноўлены і праходзіў тэсціраванне. Сучасны апарат разлічаны на бесперапынную работу ў дзве змены.

Каб ён паспяхова і ў поўным аб’ёме працаваў, неабходны і кваліфікаваныя кадры. І з гэтым у Ляхавіцкай ЦРБ
усё ў парадку. Тут будзе працаваць загадчык рэнтгенаўскага аддзялення Сяргей Памазанскі, які мае шасцігадовую практыку работы на такім апараце, прайшла перанавучанне ўрач-рэнтгенолаг, павысілі кваліфікацыю тры фельчары-лабаранты. Пры неабходнасці
не застанецца КТ без работы ў вячэрні час, а таксама ў выхадныя і святочныя дні.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Камп’ютарны тамограф SOMATOM.go.Up коштам 796 тысяч рублёў набыты за цэнтралізаваныя сродкі Міністэрства аховы здароўя.
За сродкі раённага бюджэту (497 тысяч рублёў) была праведзена рэканструкцыя памяшканняў пад устаноўку камп’ютарнага тамографа.