На адной хвалі з прагрэсам. Як працуе калектыў ляхавіцкіх электрасувязістаў

Паслугі электрасувязі запатрабаваныя ў насельніцтва. Электрасувязісты шчыруюць, каб гучалі тэлефонныя званкі, і мы былі на пастаяннай сувязі з нашымі блізкімі, сябрамі, калегамі, каб бесперабойна працавалі інтэрнэт і тэлебачанне. На Ляхавіччыне высакаскорасным інтэрнэтам byfly карыстаюцца звыш 7 600 абанентаў. А колькасць тых, хто падключаны да тэлебачання Zala, у нашым раёне больш за 9 500 – гэта самая высокая шчыльнасць на Брэстчыне.

– Самыя папулярныя ў Ляхавіцкім раёне паслугі– інтэрнэт byfly, тэлебачанне Zala, пакет паслуг пад брэндам «Ясна». Апошнім часам усё большую распаўсюджанасць набірае сістэма «Відэакантроль». Да яе ў райцэнтры і сельскіх населеных пунктах падключаны каля 500 аб’ектаў. Калі гаварыць пра прадпрыемствы і арганізацыі, то ў асноўным гэта тэрыторыі мехдвароў, фермаў, іншых вытворчых памяшканняў. У насельніцтва запатрабаваны два тарыфы «Відэакантроль дом», «Відэакантроль дом лайт». Летась па заключаных дагаворах у прыватным сектары ўстаноўлена 30 відэакамер, сёлета – ужо 20. Сярод нашых навінак – будаўніцтва і абслугоўванне вылічаль-най сістэмы для юрыдычных асоб. Пакуль гэтай паслугай скарысталіся дзве арганізацыі раёна, – расказвае начальнік Ляхавіцкага ўчастка Анатолій Лукашэвіч.
Калектыў ляхавіцкіх электрасувязістаў невялікі, разам са спецыялістамі станцыйнага, транспартнага участкаў і ўчастка продажу тут працуюць 30 чалавек. Анатолій Лукашэвіч не першае дзесяцігоддзе кіруе гэтым падраздзяленнем і адзначае, што работнікі адказныя, граматныя спецыялісты, прафесіяналы сваёй справы, якія пастаянна ўдасканальваюцца ў майстэрстве. Адна з іх – інжынер лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх устройстваў Людміла Паджарава (на здымку), якая ўласны працоўны шлях пачала ў 1986 годзе з электрамеханіка сувязі. Сёння зона яе адказнасці –
прыняць заяўкі, што паступаюць у службу 123, пераадрасаваць іх непасрэдна спецыялістам, а потым пракантраляваць, як выкананы рамонтныя ці аднаўленчыя работы. Зразумела, патрабуецца не толькі аб’ектыўнасць, аператыўнасць, але і ўменне будаваць дыялог з абанентам, каб упэўніцца, наколькі якасна выкананы работы, ці
не мае чалавек прэтэнзій да электрасувязістаў.
– Такія работнікі, як Людміла Паджарава, – гонар нашай арганізацыі. На яе раўняюцца, з яе бяруць прыклад, – адзначае начальнік участка электрасувязі. Да прафесійнага свята за шматгадовую добрасумленную працу Людміла Паджарава ўзнагароджана Ганаровай граматай Брэсцкага філіяла РУП «Белтэлекам».

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.