Каб двор быў прыгожым. Рэспубліканская акцыя «Прыгожы двор» прайшла ў Ляхавічах

2 мая ў дзіцячым доме сямейнага тыпу Аляксандра і Святланы Страмавусаў было поўна гасцей. І нагода для таго – цудоўная. Раённая арганізацыя Беларускага Фонда міру сумесна з натарыяльнай канторай Ляхавіцкага раёна правяла рэспубліканскую акцыю «Прыгожы двор». Да карыснай ініцыятывы далучыліся Маладзёжны парламент пры раённым Савеце дэпутатаў і раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын.

…У двары дома кіпіць работа. Прадстаўнікі Маладзёжнага парламента навучэнцы аграрнага каледжа Марк Дульскі і Уладзімір Волкаў шчыруюць у агародчыку з лапатамі, а дзяўчынкі з Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча (установа мае статус школы міру) высаджваюць кветкі, паліваюць іх. Дарослыя ім дапамагаюць і расказваюць, як правільна рабіць. На чарзе – насенне кветак і агародніны, расада памідораў і перцаў.


– «Прыгожы двор» – дабрачынная акцыя, якая праходзіць у межах сумеснага праекта Беларускай натарыяльнай палаты і Беларускага Фонда міру «Мой мірны дом», што стартаваў у сакавіку.
Праект накіраваны на прававую, матэрыяльную і іншую падтрымку дамоў сямейнага тыпу, стымуляванне грамадскіх сацыяльных ініцыятыў, якія арыентаваны на клопат пра дзяцей, прававую адукацыю грамадзян. Сёння мы разам садзілі кветкі і агародніну, перадалі сям’і таксама каля двух дзясяткаў найменняў насення, – расказвае старшыня раённай арганізацыі Фонда міру Ларыса Юшкевіч.
Расадай кветак, дарэчы, падзяліўся камунгас, падгадаваныя калівы памідораў і перцаў прадаставіла старшыня раённай арганізацыі БСЖ Вольга Бурак.
Госці – старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, намеснік старшыні райвыканкама Галіна Бацэнка – прыехалі ў сям’ю з прыемнымі сюрпрызамі. Яны перадалі ад малочнага і кансервавага заводаў смачныя падарункі і ўручылі букет гаспадыні дома – дыпламанту абласнога этапу конкурсу «Жанчына года – 2022».
Загадчык натарыяльнай канторы Іна Шабацько адзначыла, што вельмі прыемна дарыць радасць дзецям, упрыгожваць іх жыццё і працягваць руку дапамогі ў цяжкай сітуацыі. Праект цікавы і тым, што фарміруе ў рабят інтарэс да ландшафтнага дызайну, садзейнічае іх працоўнаму выхаванню.
У дзіцячым доме сямейнага тыпу Аляксандра і Святланы Страмавусаў выхоўваюцца шасцёра дзяцей, і ўсім знаходзіцца месца ў вялікім сэрцы бацькоў-выхавальнікаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.