Выклік для сапраўдных мужчын. “ЛВ” пацікавіўся ва ўдзельнікаў планавых збораў, як прайшла ваенная падрыхтоўка

Планавыя зборы ваеннаслужачых запасу завершаны, і група нашых землякоў вярнулася дадому. З пачатку красавіка на працягу 30 дзён ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь яны прымалі ўдзел у праверцы баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці.
Начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Арцём Кірута адзначыў, што з пастаўленымі задачамі паспяхова справіліся, а некаторыя з нашых землякоў узнагароджаны каштоўнымі падарункамі і іншымі адзнакамі.
“ЛВ” пацікавіўся ва ўдзельнікаў планавых збораў, як прайшла ваенная падрыхтоўка.
Намесніку галоўнага ўрача Ляхавіцкай райбальніцы Руслану Курыловічу па выніках збораў прысвоена званне капітана медыцынскай службы запасу.
Выклік на ваенныя зборы стаў нечаканым. І гэта можна растлумачыць: з таго часу, як Руслан Курыловіч нёс службу на Паўночным флоце начальнікам медыцынскай службы падводнай лодкі, мінула больш за два дзесяцігоддзі.
– Канешне, было нязвыкла змяніць бальнічныя палаты на ваенныя палаткі. Чатыры дні жылі ў казармах у адной з воінскіх часцей Слоніма, а пасля на тры тыдні адправіліся на палігон, дзе быў у тым ліку разгорнуты медыцынскі батальён для аказання меддапамогі. Выконваў абавязкі старшага ардынатара аперацыйнага блока, быў і дзяжурным урачом па медбатальёне. Мне, урачу-рэаніматолагу, давялося на нейкі час перакваліфікавацца ва ўрача агульнай практыкі, – дзеліцца ўражаннямі ад удзелу ў ваенных зборах Руслан Курыловіч. І адзначае, што такі медыцынскі батальён разгортваўся ўпершыню. І справа гэта, канешне, патрэбная. Тры тыдні жыцця ў палявых умовах сталі своеасаблівым экзаменам, каштоўным вопытам, які паказаў, што ў любых умовах гатовы аказваць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу і ратаваць жыцці.
Павестку на зборы начальніку Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння Аляксандру Кунцэвічу ўручылі з апавяшчэннем з’явіцца на пункт прыёму асабістага саставу, які знаходзіўся ў Лядовым Палацы ў Баранавічах. І з 7 красавіка ён стаў ваеннаабавязаным асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады.
– Зборы, дзе мы цалкам змянілі галіну дзейнасці, у нейкай ступені сталі выклікам для самога сябе. Армія для мяне закончылася, калі ў 2011 годзе дэмабілізаваўся сяржантам з тэрміновай службы. Тады ва Узброеных Сілах быў камандзірам аддзялення пераноснага зенітна-ракетнага комплексу “Ігла”. Таму ўдзел у мерапрыемствах па павышэнні ўзроўню баявой гатоўнасці вярнуў і не толькі мяне, у салдацкае жыццё. Тактыка-спецыяльныя вучэнні, агнявая і іншая падрыхтоўка – так праходзілі нашы ваенныя будні. Узгадалі і адпрацавалі атрыманыя падчас колішняй тэрміновай службы навыкі, навучаліся новым уліковым спецыяльнасцям і гэтак далей. Так што, упэўнены, калі спатрэбіцца, гатовы абараніць сваю Радзіму і сваіх родных, – падкрэслівае Аляксандр Кунцэвіч.
Арцём Машэй таксама сярод тых, хто 4 мая вярнуўся з ваенных збораў. Сам мясцовы, але працуе праграмістам у Мінску ў інфармацыйна-вылічальным цэнтры Міністэрства фінансаў. Таму 24-гадоваму ляхавічаніну давялося аператыўна збірацца, каб паспець да месца яўкі на зборы.
– Ад збораў засталіся станоўчыя эмоцыі. Па-першае, гэта карысны вопыт і новыя знаёмствы. Там усе знаходзіліся ў роўных умовах. Асвяжыць атрыманыя ў 2021 годзе на тэрміновай службе ваенныя навыкі было карысна. На нейкі час на мяне былі ўскладзены абавязкі старшыны роты матэрыяльнага забеспячэння, што адказвала за так званую гаспадарчую дзейнасць. У палявых умовах тактычная падрыхтоўка таксама ўспрымаецца па-іншаму. І гэта павучальна. Былі і заняткі па хімабароне, агнявой падрыхтоўцы. Лічу, кожны мужчына павінен умець абараніць свой дом і Айчыну, – адзначае Арцём.
На памяць ад ваенных збораў у яго застаўся і каштоўны падарунак.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.