Паслярамонтны стан тэрыторыі паміж дамамі № 37 і № 39 па вуліцы Леніна ў Ляхавічах. Што змянілася?
У мінулую суботу камунальнікі і дарожнікі правялі ўнушальную работу па добраўпарадкаванні райцэнтра. Зроблена нямала. Аднак, не паўсюдна і не ўсіх задаволіла якасць зробленага. Людзі выказвалі абурэнне і на розных інтэрнэт-рэсурсах “Ляхавіцкага весніка”. Прэтэнзіі, у тым ліку, тычыліся паслярамонтнага стану тэрыторыі паміж дамамі № 37 і № 39 па вуліцы Леніна ў горадзе. Людзі скардзіліся, што падсыпка зроблена абыяк, неакуратна, пясок рассыпаецца, нямала і іншых нязручнасцей, у прыватнасці, устаноўлены бардзюры, якія перашкаджаюць свабоднаму праходу.
Каб высветліць сітуацыю і даведацца, як яна будзе вырашацца, на месца адправіліся супрацоўнікі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, намеснік дырэктара КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Віталій Калупановіч і карэспандэнт “ЛВ”.


–Неаднойчы паступалі звароты ад грамадзян пра неабходнасць аднаўлення пасля замены цеплатрасы пакрыцця пад’езда дарогі да дома № 39 па вуліцы Леніна. У мінулую суботу па заказе камунгаса ДРБУ-200 выканала асфальтаванне згаданага ўчастка, зроблены іншыя запланаваныя работы, – тлумачыць сітуацыю начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
Што ўбачылі? Тэрыторыя, дзе раней былі ямы, заасфальтавана, бліжэй да дома № 37 устаноўлены бардзюры, уздоўж іх паласа засеяна травой. Праўда, на будучай зялёнай зоне ўжо нямала слядоў. Адзін з тутэйшых жыхароў узняў пытанне, як цяпер пасля ўстаноўкі бардзюраў людзі будуць хадзіць праз двары? Асабліва нязручна пажылым, трэба абыходзіць вакол дома.
– Бардзюры ўстаноўлены для таго, каб падчас дажджоў не было падтаплення дваровай тэрыторыі дома № 37. Што датычыць праходу, ён тут і не быў прадугледжаны, проста людзі прывыклі хадзіць па дварах, улічваючы пажаданні жыльцоў, сіламі камунгаса зробім асфальтаваны працяг пешаходнай дарожкі ад Леніна, 37 з прыступкамі для зручнасці людзей. Акрамя таго ў межах добраўпаракавання сіламі ЖКГ установім горку і арэлі , – расказвае Віталій Калупановіч.
Літаральна за некалькі хвілін прыйшлі да згоды. Адзінае, што змрочыла сітуацыю – неадкватныя паводзіны некаторых жыльцоў дома. Любоую праблему неабходна вырашаць мірным шляхам, узаемаветлівава і з павагай да суразмоўцаў.
Галіна КАНЬКО.