Ёсць чым ганарыцца. Ляхавічане сярод абласных дыпламантаў алімпіяды
Падведзены вынікі абласнога этапу алімпіяды па здаровым ладзе жыцця, што праходзіла 21 красавіка ў Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Сярод лепшых – і навучэнцы з Ляхавіцкага раёна.
Навучэнка 9 класа СШ № 1 Маргарыта Рабцэвіч заваявала дыплом II ступені. Падрыхтавала яе настаўніца біялогіі Лілія Маслоўская. Дыплома III ступені ўдастоена навучэнка Конькаўскай СШ Уладзіслава Вітко (настаўнік Ірына Варановіч).
Каб быць сярод лепшых, дзяўчынкам неабходна было адказаць больш чым на сотню пытанняў, на якія адводзілася дзве гадзіны. Але нашы зямлячкі справіліся хутчэй.
– Вынікам Маргарыты задаволена. Пытанні алімпіяды адпавядалі ведам 10 класа, але дзяўчынка паспяхова іх выканала. Адказная і мэтанакіраваная, не спыняецца перад цяжкасцямі і шмат часу аддае вывучэнню біялогіі і хіміі і па-за межамі праграмы. Гэтыя прадметы яна выбрала і для профільнага навучання ў наступным годзе, – адзначае Лілія Маслоўская. Летась таксама яе выхаванка Вікторыя Навіцкая атрымала ў Брэсце дыплом III ступені.
На абласным этапе алімпіяды па прававых ведах таксама гучала прозвішча ляхавіцкай навучэнкі, якая заваявала дыплом II ступені. Гэта дзесяцікласніца гімназіі Таццяна Дударава. Падрыхтавала дзяўчынку настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Святлана Бурак.
«ЛВ» далучаецца да шчырых віншаванняў!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.