Пад асаблівай увагай – ФАПы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 мая правёў нараду па актуальных пытаннях аховы здароўя.
У якасці вострай праблемы Кіраўнік дзяржавы абазначыў даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі ў вёсцы. Асобна Прэзідэнт закрануў тэму аптымізацыі фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Кіраўнік дзяржавы значную ўвагу засяродзіў на пытаннях падрыхтоўкі кадраў, адпрацоўкі медыкаў-мэтавікоў, указаў на недахопы ў падрыхтоўцы ўрачоў і выказаўся за ўзмацненне практычнай падрыхтоўкі.

Як медыка, як кіраўніка ўстановы аховы здароўя, мяне не пакінула абыякавай ніводная тэма, узнятая падчас нарады па актуальных пытаннях аховы здароўя.

Кадравае пытанне – адно з найбольш вострых для медыцыны Ляхавіччыны. Дзякуючы падтрымцы раённай улады ў нашым раёне паспяхова вырашаецца пытанне забяспечанасці жыллём. Сёння работнікі Ляхавіцкай ЦРБ з’яўляюцца арандатарамі 18 кватэр. Для маладых спецыялістаў створаны выдатныя ўмовы працы. І тым не менш, у нас яўны недахоп урачоў-хірургаў, гінеколагаў, урачоў агульнай практыкі, дэрматолага, псіхатэрапеўта і іншых. Нават плануемы сёлета прыход па размеркаванні 11 выпускнікоў медыцынскіх ВНУ праблему не вырашыць.
З 15 гарадскіх і сельскіх медыцынскіх участкаў на шасці адсутнічаюць урачы. Але без урачэбнай дапамогі не пакінуты не адзін з іх. Важна ўзмацніць прафарыентацыную работу, каб у медыцыну ішлі з матывацыяй, жаданнем далей працаваць у галіне аховы здароўя. Лічу правільным, што ВНУ павялічваюць мэтавы набор студэнтаў.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не бывае не важных пацыентаў. Жыхары сельскай мясцовасці павінны атрымліваць не менш якасныя і разнапланавыя медыцынскія паслугі, як і гараджане.
Асобна ўзнята на нарадзе пытанне аптымізацыі фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Падкрэслю, што ў Ляхавіцкім раёне закрываць існуючыя ФАПы ў бліжэйшы час не будуць. Наадварот, пры істотнай дапамозе сельгаспрадпрыемстваў ідзе рамонт устаноў аховы здароўя ў вёсцы.
Значны ўчастак работ на Сваятыцкім ФАПе зроблены ААТ «Жарабковічы». СВК «Ляхавіцкі» завяршыў работы на Рачканскім ФАПе і прыступіў да работ на Русінавіцкім ФАПе.Ураджайнінскі і Конькаўскі ФАПы, Дараўская АУАП, якія знаходзяцца на тэрыторыях ААТ «Шлях новы», таксама атрымліваюць унушальную дапамогу ад гэтай гаспадаркі. ААТ «Нача» садзейнічае рамонту Зубелевіцкага ФАПа, ЗАТ «Белпрампрыбор» – Галаўнінскага ФАПа. Для камфорту і зручнасці наведвальнікаў вырашаецца пытанне пераводу Ганча-
роўскай АУАП у больш добраўпарадкаваны будынак.
Георгій ХЛЯБОВІЧ, галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ».