Зараджаем творчасцю! Апошні званок у мінулую пятніцу прагучаў і для выхаванцаў Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў
Апошні званок у мінулую пятніцу прагучаў і для выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў. Прагучаў меладычна, песенна, танцавальна. Выпускны баль ДШМ – гэта заўжды феерыя творчасці, гэта непадробная шчырасць, гэта любоў да творчасці, што аб’яднала пад дахам школы мастацтваў юныя таленты.
Урокі тэорыі і практыкі, шматлікія выступленні, фестывалі і конкурсы, юныя калегі па музыч-ным цэху – ёсць што ўспомніць выхаванцам дзіцячай школы мастацтваў. Гучала шмат цёплых слоў, падзяк педагогам за цярпенне і разуменне, за тое, што адкрывалі штодня свет творчасці юным зорачкам. Жыць творчасцю –
па азначэнні цудоўна, вучыць па-іншаму глядзець на свет – гэта прыкмета вялікага майстэрства. Ад імя бацькоў слова трымала Ірына Прыступа-Юнік.
І вось той самы хвалюючы момант – уручэнне пасведчанняў аб заканчэнні Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў. Пад авацыі на сцэну ўзнімаліся ляхавіцкія таленты. Сёлета ў дзіцячай школы мастацтваў 42 выпускнікі. Дакумент аб заканчэнні ДШМ уручыла дырэктар Марыя Лутавінава. Пажаданні ніколі не спыняцца вучыцца, спасцігаць новыя вяршыні творчасці, удасканальвацца гучалі ў адрас навучэнцаў харэаграфічнага, мастацкага, фартэпіяннага, струннага, духавога, баянна-акардэоннага аддзяленняў. Граматы атрымалі і актывісты, якія на працягу вучобы прадэманстравалі высокія вынікі і творчую актыўнасць.
Канцэртная праграма ў гэты дзень гучала яшчэ ярчэй, мацней і танцавальней! На сцэне – юныя профі! Як заўжды, былі кветкі, цёплыя словы, шчырыя віншаванні. Шчымліва, канешне, развітвацца са школай, але ж творчасць заўжды побач. Мары і жаданні з надзеяй на спраўджванне разам з паветранымі шарамі запусцілі ў неба.
А работа творчай установы не спыняецца. Бацькам варта ўжо цяпер паклапаціцца і спланаваць паступленне дзетак у ДШМ. Звяртайцеся па адрасе: вуліца Камса-мольская, 8, калі жадаеце зарадзіць творчасцю сваіх гарэз.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.