За раёнкай – у новы «БелДрук»! Новы павільён «Белсаюздрук» з’явіўся на вуліцы Леніна ў Ляхавічах
Да чаго ж пасуюць нашым Ляхавічам абноўкі. Асабліва, калі яны стыльныя, сучасныя, упрыгожваюць гарадскі інтэр’ер. Менавіта такі аб’ект нядаўна з’явіўся на вуліцы Леніна ў райцэнтры. Размова ідзе пра новы павільён «Белсаюздрука», устаноўлены замест ранейшага.
– Стараемся адпавядаць рэаліям часу і пакупніцкаму попыту, таму ўдасканаль-ваем работу нашых аб’ектаў. Тычыцца гэта як знешняга выгляду павільёнаў, так і пашырэння асартыменту, прадастаўлення якасных і запатрабаваных паслуг насельніцтву, павышэння культуры абслугоўвання, – адзначае намеснік дырэктара Брэсцкага філіяла РУП «Белсаюздрук» Ала Бахарава.
Завітаем у госці да навасельца. Новы павільён большы па памерах. Гэта зручна для пакупнікоў, можна без праблем прайсціся па павільёне, выбраць неабходны тавар. Яшчэ адзін плюс – у адкрытасці зон: прадавец знаходзіцца не за раздзяляльнай перагародкай. Павільён заўжды вызначаўся шырокім асартыментам тавараў, які цяпер павялічыўся яшчэ больш.
Свежыя газеты, часопісы, іншая друкаваная прадукцыя, а таксама канцтавары, посуд, касметыка, мыйныя сродкі, спадарожныя тавары, сувеніры і нават бытавая тэхніка размясціліся на паліцах. Папулярныя ў пакупнікоў і прадукты – марожанае, прахаладжальныя напіткі, цукеркі і іншыя тавары харчовай групы. У абноўленым аб’екце ўсё ў полі зроку прадаўцоў Вікторыі Кульчык і Антаніны
Сергяенка.
– Канешне, стала камфортней. Пра гэта ўжо гавораць і пакупнікі, і нам, прадаўцам, зручней. Наша
задача – адказаць на пытанні, параіць, якасна абслужыць. Разлічыцца за пакупку можна наяўнымі грашыма і плацежнай карткай. Рэжым работы застаўся ранейшым: з паня-дзелка па пятніцу з 7.30 да 19.30, па суботах і нядзелях з 8.00 да 17.00, – гаворыць Вікторыя Кульчык.
Прыемна, што адным з папулярных перыядычных выданняў у пакупнікоў з’яўляецца «Ляхавіцкі веснік». Тут раёнку можна не толькі купіць, але і аформіць падпіску. Выданне будзе прыходзіць па серадах і суботах непасрэдна ў гэты павільён «Белсаюздрука» і выдавацца падпісчыку па запатрабаванні.
Ала Бахарава расказала, што ў бліжэйшы час у Ляхавічах яшчэ два павільёны старога фармату (на скрыжаванні вуліц Леніна і Чкалава і па вуліцы Южакова) будуць заменены на новыя.
Галіна КАНЬКО.
Фота Маргарыты КУХТА-МАСЛОЎСКАЙ.