Падорым гораду чыстыя падарункі. Рэйдавая група паглядзела, дзе патрабуецца парадак
Праз месяц Ляхавічы адзначаць 531-ы дзень нараджэння. Прадпрыемствы, арганізацыі, установы, жыхары рупліва рыхтуюцца да такой падзеі, асабліва, калі яна адзначаецца ў Год міру і стварэння. Дзе наведзены парадак, а дзе неабходна прыкласці шмат намаганняў, каб дабіцца прывабнага выгляду? На гэтыя і іншыя моманты звяртала ўвагу рэйдавая група ў складзе начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марыны Завадскай, галоўнага спецыяліста аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Ірыны Партас і карэспандэнта «ЛВ».

Пачалі з уезда ў горад з боку Брэст-Маскоўскай шашы. Так, да тэрыторыі заводаў «Металапластмас» і «Інтэрлак» пытанняў няма.
Але лішнімі не былі б тут клумбы з кветкамі ці стылізаваныя кампазіцыі.
Вяртаемся ў райцэнтр на вуліцу Арлоўскага. Тутэйшае асфальтавае пакрыццё даўно чакае рамонту: яма на яме, не пазайздросціш ні транспарту, ні вадзіцелям, ні пасажырам, ды і пра бяспеку
нельга забываць. Летась тут зрабілі добраўпарадкаванне тратуараў, уладкавалі зялёныя зоны каля шматкватэрнікаў, высадзілі кустоўе. А да абнаўлення дарогі так і не дайшлі рукі. Няёмка не толькі перад землякамі, якія праязджаюць па гэтай вуліцы, а і перад гасцямі Ляхавіччыны.

Яшчэ адна візітоўка раёна – чыгуначная станцыя. Прэтэнзій да парадку, стану будынкаў, уладкаваных лавачак няма. Чаго не скажаш пра павільён аўтобуснага прыпынку (фота 2), якому яўна патрабуецца хаця б афарбоўка. Дарэчы, тое ж тычыцца большасці аўтобусных пры-
пынкаў у нашым райцэнтры. КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» (на балансе гэтай арганізацыі яны знаходзяцца) варта праявіць ініцыятыву, па магчымасці прыдумаць тут нешта тэматычнае накшталт прыпыначнага пункта каля стадыёна «Колас».
Тэрыторыя ПМС (фота 1) пакінула толькі станоўчыя ўражанні – чыста, акуратна, наваколле ўпрыгожваюць клумбы і альпійскія горкі. Напрошвалася адзнака выдатна. Але, толькі праехалі ўздоўж тэрыторыі, як наткнуліся на доўгую палоску пустазелля. Пара касіць.
– На працягу двух гадоў прадстаўнікі многіх арганізацый раёна добраўпарадкавалі тэрыторыю агульнага карыстання ў прамысловай зоне райцэнтра: спілоўвалі старыя дрэвы, высякалі хмызняк, выграбалі лісце, збіралі смецце, выносілі сухое галлё. Работы прадаўжаліся і сёлета. Але бардак не прымусіў сябе чакаць:
пустазелле пайшло ў рост. Зноў трэба талакой брацца за работу – гэта
справа агульнай важнасці, – адзначыла Марына Завадская.
Раней да ТАА «Ібіра» прэтэнзій наконт парадку не было. Цяпер ёсць пытанні: уваходная група будынка абшарпана (фота 4), клумба
нагадвае невялічкі куст, надышоў час касіць. Аналагічныя прэтэнзіі – да ПМК-13.

Незразумела, чаму будаўнічая арганізацыя не можа прыкласці элементарныя намаганні, каб было чыста і акуратна. Паміж «ТМТ» і «Рамтранстрак» па вуліцы Працоўнай пустазелле ўзялося ў рост.
– Ёсць праблемы ў добраўпарадкаванні ў «Цвірко і К». У некалькіх месцах агароджа небяспечна нахілілася, ды і падфарбаваць лішнім не будзе.
Зусім супрацьлеглы падыход да парадку ў ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт», дзе заўжды выключны парадак. Тэрыторыя каля агароджы ТАА «Джэнтры» таксама патрабуе чыстай увагі, – падкрэслівае Марына Завадская.
Па-рознаму з чысцінёй у прадпрыемстваў Ляхавіцкага райпо. Адназначна, на кааппраме працуюць добрыя гаспадары. Трава скошана, высаджаны кветкі, кусты падстрыжаны,
бардзюры пабелены, вакол падмецена. На тэрыторыі пункта прыёму другаснай сыравіны ўсё раскладзена па месцах, відаць, нядаўна працавала касілка. А вось каля неэксплуатуемых, выстаўленых на продаж будынкаў райпо (насупраць чыгуначнай станцыі) вымахала пустазелле (фота 3).

Яшчэ адна заўвага ў тэму. У парку (знаходзіцца на балансе СУП «Белазем’е») на скрыжаванні вуліц Арлоўскага і Вакзальнай стаіць на пастаменце зафарбаваны белым колерам стэнд. Лагічна было б размясціць тут карысную інфармацыю.
Заўсёды станоўчыя прыклады парадку на Арлоўскага – лясгас, раён газазабеспячэння, РАНС, ДРБУ-200.
На пытанне, чаго не хапае цэнтральнай гарадской вуліцы Леніна, удзельнікі рэйдавай групы далі адназначны адказ: «Мала кветак». На плошчы Леніна іх удосталь. Каля кінатэатра «Кастрычнік», хочацца бачыць больш кветак, месца там дазваляе пафантазіраваць. Тое самае тычыцца і тэрыторыі каля суседняга магазіна «Капеечка».
– Аварыйныя прыступкі пры ўваходзе ў гарадское аддзяленне паштовай сувязі, не даведзены да канца рамонт прыступак каля будынка «Мая аптэка», аблезла фарба на шыльдах на будынку
былога КБА па вуліцы Леніна – трэба выпраўляць, – адзначае Марына Завадская.
Прыклад для пераймання – тэрыторыі Ляхавіцкай райбальніцы, ГДК, агракаледжа, школ, дзіцячых садкоў і іншыя.
Кожны гаспадар-уладальнік ведае свае слабыя і моцныя бакі ў плане навядзення парадку. Бяромся за справу, землякі. Нас чакае дзень нараджэння Ляхавічаў!
Галіна КАНЬКО