Прэс-увядзенне ў спартыўнае свята. Усе дарогі 2-3 чэрвеня вялі ў Баранавічы

Усе дарогі 2-3 чэрвеня вялі ў Баранавічы на культурна-спартыўны фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу». Для журналістаў рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ візіт у адзін з буйнейшых райцэнтраў краіны пачаўся з прэс-тура па яго знакавых турыстычных аб’ектах. Першая лакацыя – музей чыгункі пад адкрытым небам, які прыцягвае гасцей і жыхароў горада амаль чатыры дзесяцігоддзі. Тут журналістаў шчыра віталі кіраўніцтва горада і мясцовага аддзялення Беларускай чыгункі.


БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

Яркае тэатралізаванае прадстаўленне, экспазіцыя чыгуначнай тэхнікі, якая ўключае ўнікальныя экспанаты і адлюстроўвае гісторыю і развіццё чыгункі (на гэта варта паглядзець і не адзін раз), гасцінная сустрэча не пакінулі нікога абыякавым.

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ


Аглядная аўтобусная экскурсія па горадзе і на маршруце прадстаўнікоў СМІ – папулярны не толькі ў беларусаў парк жывёл «Дыпрыз». Унікальны зааландшафтны парк пад адкрытым небам стаў утульным домам для больш як сотні дэкаратыўных птушак і рэдкіх жывёл. Як расказаў заснавальнік парку Васілій Філіпчык, у планах да вярблюдаў, ламаў, афрыканскай каровы ватусі, мангуста паласатага і іншых жывёл дабавіць і некаторыя віды антылопаў, буйвалаў, гіганцкага мамантавага асла пуату і г. д. Па сцежках ходзяць ламы, і іх можна пагладзіць і пакарміць… Цуд і казка на плошчы больш за тры сотні гектараў! Падарожжа па лакацыях парку не стамляе – напаўняе станоўчымі эмоцыямі, натхняе і выклікае нясцерпнае жаданне вярнуцца сюды зноў. Такімі планамі падзяліліся і ўдзельнікі прэс-тура.
Дзякуючы «Вытокам» нават тыя, хто добра ведае Баранавічы, адкрылі іх для сябе па-новаму. Баранавічы – райцэнтр з багатай гісторыяй і культурай, адметнай вытворчасцю і шчырымі людзьмі. Гораду ёсць што паказаць і чым ганарыцца. І цудоўна, што мы –ляхавічане – яго суседзі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.