Прааналізаваць сістэму паступлення

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў 6 чэрвеня нараду па бягучых пытаннях уступнай кампаніі.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што былі дадзены даручэнні Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта дасканала разабрацца ў ацэньванні вынікаў тэсціравання. «Праверка паказала, што тэхнічнага збою не было, сістэма падліку балаў, якая прымянялася на цэнтралізаваным тэсціраванні з 2019 года, спрацавала правільна, і я не сумняваюся ў тым, як вы там лічылі, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Мае прэтэнзіі ў тым, што людзі вас не разумеюць: ні будучыя студэнты (абітурыенты), ні бацькі, ні іншыя людзі – што вы там нахамуталі, напрыдумвалі».
А калі ўжо была зроблена нейкая памылка, не трэба баяцца гэта прызнаць, упэўнены Прэзідэнт. Важна своечасова прыняць неабходныя меры і выправіць стан спраў.
Прэзідэнт на нарадзе паставіў задачу яшчэ раз праана-лізаваць сістэму паступлення і канчаткова вызначыцца з гэтым пытаннем у 2024 годзе. Гэтай тэме будзе прысвечана вялікая нарада па аналогіі з тым, як гэта было нядаўна наконт работы сістэмы аховы здароўя.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што мэтаваму набору трэба ўдзяліць сур’ёзную ўвагу.

МЕРКАВАННІ

Таццяна ЗУБІК, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама:
– Падчас нарады Прэзідэнт краіны звярнуў увагу і на мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў. У прыватнасці, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў неабходнасць адпрацоўкі мэтавікамі пэўнага тэрміну (цяпер гэта пяць гадоў) на тым месцы, дзе яму было выдадзена адпаведнае накіраванне на вучобу ў ВНУ.
Даволі актуальнае пытанне падрыхтоўкі кадраў і для адукацыйнай прасторы Ляхавіччыны. Пачну з таго, што ва ўстановах адукацыі нашага раёна адчувальны недахоп педагогаў пэўных спецыяльнасцей. І ў гарадскіх, і ў сельскіх школах у дэфіцыце настаўнікі матэматыкі і фізікі. Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя недахопу настаўнікаў хіміі і біялогіі. Гучаць трывожныя званочкі і адносна настаўнікаў пачатковых класаў, а таксама беларускай і рускай мовы і літаратуры. Зразумела, што аддзел па адукацыі і навучальныя ўстановы надзвычай зацікаўлены ў маладым кадравым папаўненні, стараемся стварыць належныя ўмовы працы, каб маладыя педагогі надзейна замацаваліся на першым працоўным месцы. Што тычыцца мэтавай падрыхтоўкі, то сёлета заключаны тры дагаворы. Удакладню, у 2023 годзе выпускнік школы заключае дагавор не з аддзелам па адукацыі, а непасрэдна з той установай адукацыі, куды ён прыйдзе працаваць пасля заканчэння ВНУ. Мэтавікі з Ляхавіцкага раёна атрымалі накіраванні для паступлення на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, на факультэт педагогікі і псіхалогіі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Віктар БУЦЬКО, дырэктар Востраўскай СШ:
– Уступная кампанія – зараз тэма нумар адзін, якая аднолькава цікавіць і выпускнікоў школ, і навучэнцаў, і бацькоў. За ходам нарады па пытаннях уступнай кампаніі, якую сабраў Прэзідэнт, сачыў з асаблівым інтарэсам.
Выпускныя экзамены, паступленне ва ўстановы адукацыі –
сур’ёзны этап у жыцці нашых дзяцей. І ад вынікаў іспытаў, у літаральным сэнсе, залежыць іх лёс. Таму важна, каб дэталёва былі прадуманы ўсе моманты сістэмы паступлення, распрацавана зразумелая сістэма падліку балаў, справядлівае стаўленне пры здачы экзаменаў.
Запомніліся словы Прэзідэнта пра маладых людзей як будучую эліту, будучых кіраўнікоў. Выпускнікі робяць першы рашучы свядомы крок. І гэты крок павінен быць без усялякіх праблем і падазрэнняў, падкрэсліў Кіраўнік краіны.
Сёлета ў Востраўскай школе пяць выпускнікоў. Усе пацвердзілі свае адзнакі на цэнтралізаваным экзамене. Кожны выбера свой прафесійны шлях: стане настаўнікам, журналістам ці поварам. Галоўнае, каб заставаліся сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны, сталі добрымі спецыялістамі, рознабакова развітымі асобамі, паважалі сваіх бацькоў і не забывалі педагогаў.
Сумяшчэнне выпускнога экзамену і ЦТ усклала на школы дадатковую адказнасць, але ў той жа час у нейкай ступені разгрузіла навучэнцаў. Да плюсаў аднясу і цэнтралізаваны падвоз дзяцей. У мінулыя гады вясковыя школьнікі (асабліва з аддаленых населеных пунктаў Ляхавіччыны), каб дабрацца да пункта здачы ў Баранавічы, выязджалі вельмі рана.