Родны горад у зялёным адценні. З кожным днём нашы Ляхавічы прыгажэюць
Немагчыма не заўважыць, як з кожным днём нашы Ляхавічы прыгажэюць – зялёны колер так пасуе райцэнтру
Незлічоная колькасць насаджэнняў сёння радуе ляхавічан у розных кропках горада. Як адзначае майстар участка «Добраўпарадкаванне» камунгаса Святлана Саласцеева, у гэтым годзе зрабілі значны ўпор на азеляненне, прычым хацелася разнастаіць горад незвычайнымі сартамі дрэў і кустоў, папоўніць калекцыі нашых паркаў і сквераў.
У гэтым годзе больш за 50 тысяч рублёў выдаткавана на саджанцы, каля 15 тысяч пай-шло на закупку расады кветак. Вырошчвалі і свае саджанцы ў камунгасаўскіх цяпліцах.
Усяго сёлета па горадзе высаджана каля 300 саджанцаў розных раслін. І гэта толькі пачатак.
– Хацелася здзівіць ляхавічан. Да спадобы жыхарам горада плеценыя вербы, сосны ў стылі нівакі, туі і іншыя. У такіх парод і патрабаванні па доглядзе няпростыя. Да таго ж і каштуюць яны не танна, бо вырошваюцца і фарміруюцца ў спецыяльных умовах. Скверы каля плошчы Перамогі, фантана, тэрыторыя каля магазіна «Разумны выбар» выглядаюць квітнеюча – там і з’явіліся вышэйпералічаныя сартавыя пароды. А яшчэ кветкі – бягоніі, пятунні, аксаміткі, герані, лаванда, гартэнзія, сурфінія – выса-джаны ў кашпо, дарэчы, уласнай вытворчасці. А колькі мы чуем прыемных слоў у свой адрас, калі добраўпарадкуем горад. Хочацца, каб ляхавічане радаваліся і любаваліся гэтай прыгажосцю, шанавалі працу іншых, бо ад любых праяў вандалізму апускаюцца рукі і знікае натхненне, – гаворыць Святлана Саласцеева.
Стрыжаныя, нібы пад лінейку, кусты, сфарміраваныя туі – справа рук майстра ўчастка камунгаса Дзмітрыя Юруця. Ён ведае, як надаць ідэальныя формы раслінам, каб стварыць геаметрычны цуд.
Да Дня горада камунгасаўцы сыплюць падарункамі. Прыадкрыем сакрэт. Чарговая навінка хутка з’явіцца ў райцэнтры. Адзін з прыпынкаў набудзе стылізаваны выгляд, які –
пакуль сакрэт. За сюрпрыз у адказе майстар на ўсе рукі Аляксандр Капуза.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.