Моцны духам чалавек. Ляхавічанка расказвае пра свайго бацьку – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны з вёскі Свяціцы

Зусім мала сярод нашых землякоў сведкаў жудасных падзей Вялікай Айчыннай вайны. Але занатаваны ўспаміны тых, хто перажыў, адчуў на сабе фашысцкі прыгнёт. У памяці ўдзячных нашчадкаў жыхары раёна, якія прайшлі доўгімі вёрстамі вайны – ваявалі, партызанілі, былі ў падполлі, – усе, хто набліжаў Перамогу. Днямі ў рэдакцыю «ЛВ» завітала ляхавічанка Надзея Маляўка, каб расказаць пра свайго бацьку – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Андрэя Буйкевіча з вёскі Свяціцы, якому 18 чэрвеня 2023 года магло б споўніцца 100 гадоў. Вось яе ўспаміны, дзе кожнае слова прасякнута любоўю і шчырасцю да самага роднага чалавека.

– Не верыцца, але 38 гадоў, як няма побач татачкі Андрэя Андрэевіча Буйкевіча. Бацька ўсё сваё жыццё быў нязменным прыкладам для дзяцей, унукаў, праўнукаў. Дарэчы, яго ўнук і праўнук названы таксама Андрэямі.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацьку было 17 гадоў. Ён хоць і нячаста, але расказваў пра акупацыю, як вёска Свяціца была партызанкай, як фашысты яе палілі, як здзекаваліся над людзьмі. Амаль адразу пасля вызвалення бацьку прызвалі ў дзеючую армію. На фронт тату праважала мая мама. Ішлі разам з іншымі свяцічанамі-навабранцамі пешшу да Ганцавічаў. Маці несла мяшок з рэчамі, а бацька – маю паўгадовую сястрычку Зіначку. Ён гаварыў, каб сям’я яго чакала, а сам абяцаў вярнуцца жывым і здаровым, як за ўсё адпомсціць фашыстам. Бабуля штодня малілася за сыноў: акрамя майго бацькі, на франтах Вялікай Айчыннай ваяваў і яе старэйшы сын, мой дзядзька. Пасля кароткай вучэбкі радавы Андрэй Буйкевіч трапіў у разведку. Падчас адной з вылазак у тыл ворага ў польскім горадзе Познань у студзені 1945 года яго моцна паранілі. У даведцы, выдадзенай начальнікам шпіталя запісана: «Ампутавана трэцяя частка правай нагі, паранена левая нага». Лячэнне было доўгім, рана цяжка зажывала. Дапамагала змагацца з бядой жаданне абняць родных, разам адбудоўваць разбураную вайной гаспадарку і, галоўнае, жыць. Летам 1945 года 22-гадовы юнак вярнуўся дамоў інвалідам. Але бацька не скарыўся цяжкасцям і выпрабаванням, паціху прывыкаў да пратэза. Нават разам з аднавяскоўцамі хадзіў за 4-5 кіламетраў нарыхтоўваць сена для кароў. Сям’я жыла ў зямлянцы, пакуль будаваўся дом (карнікі ў вайну двойчы палілі Свяціцу). Год за годам усё ўладкоўвалася, сям’я наша павялічвалася – нарадзіліся сын Коля і дочкі Галя, Надзя, Люба. Мы бачылі, як бацьку цяжка і балюча, таму стараліся дапамагаць па гаспадарцы. Дзесяцігадовы Коля разам з мамай хадзіў за плугам. А мы бегалі на балоты, абдзіралі кару з вярбы, каб здаць нарыхтоўшчыку. А за атрыманыя грошы купіць падручнікі ў школу.
Бацьку за яго разуменне, шчырасць, уменне выслухаць паважалі свяцічане, прыходзілі параіцца. Выбралі дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў. Бацька нікому не адмаўляў у дапамозе. Як ветэрана і інваліда Вялікай Айчыннай вайны яго запрашалі ў школу, на пія-нерскія зборы. Ён не надта любіў успамінаць пра ваенны час і заўжды гаварыў: вайна – гэта страшна, і трэба берагчы мір. Ён навучыў нас працаваць на зямлі, быць гаспадаром, паважаць старэйшых, не крыўдзіць малых, шанаваць родных і блізкіх, любіць Радзіму. Сёння Буйкевічы –
вялікая і дружная сям’я: дзеці, 10 унукаў, 15 праўнукаў і 3 пра-праўнукі. Жывём у Беларусі і Расіі. Не было такога года, каб мы не віншавалі адзін аднаго з днём нараджэння нашага бацькі Андрэя Андрэевіча Буйкевіча. Мы ўсе яго помнім і любім.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО. Фота з архіва сям’і Надзеі Маляўка.