У жыцці нашым – Ляхавічы. Цяпер гэты горад родны
Ляхавічы для многіх землякоў сталі вызначальным месцам, дзе рэалізаваліся іх планы, спраўдзіліся мары, дзе пасялілася іх шчасце


У абласным этапе рэспубліканскага сямейнага сельска-гаспадарчага праекта «Уладар сяла – 2023», які сабраў 12 каманд з усіх раёнаў Брэстчыны, прынялі ўдзел і прадстаўнікі Ляхавіччыны – сям’я Уладзіслава і Ганны Купрышаў з аграгарадка Нача.
На падрыхтоўку да абласнога конкурсу ў іх быў ні больш ні менш як дзень. Але справіліся дастойна, дзеліцца першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Дземідовіч:
– Нашы Купрышы малайцы! Яны творчыя, нераўнадушныя, актыўныя. Конкурсы паказалі, што калі яны бяруцца за справу, то робяць яе добра. Да перамогі ім не хапіла зусім крышачку.
У аграгарадку Дзівін Кобрынскага раёна нашы землякі гасцінна сустракалі наведвальнікаў свайго падворка, касілі траву сапраўднай касой, секлі дровы, спявалі, танцавалі і г. д.
У конкурсе «Хлеб – усяму галава!» каравай Купрышаў заняў першае месца. Спраўна абышліся і з дровамі: напілілі, пасеклі і склалі за 3 мінуты 24 секунды. Экстрэмальным выдалася выпрабаванне «Бульбяныя аладкі на калодзе». На месцы трэба было абабраць і надзерці бульбу, замясіць цеста з неабходных інгрэдыентаў, а пасля распаліць калоду і пасмажыць у «палявых» умовах аладкі. Танцавальна-песенна нашы канкурсанты выступілі ў творчым заданні «Купальскі вянок». Вельмі дапамог самадзейны калектыў «Танцуй» Начаўскага СДК, а сястра Уладзіслава Лізавета ўпрыгожыла выступленне цудоўнай песняй.
Выдзяліліся Купрышы смачнымі стравамі, што, як і на раённым конкурсе, разышліся на ўра.
З 12 каманд Уладзіслаў і Ганна з дзецьмі Арцёмам і Маркам занялі чацвёртае месца. І гэта вельмі цудоўны вынік для такога невялікага раёна, як Ляхавіччына.
Уладзіслаў і Ганна Купрышы дзеляцца, што «Уладар сяла» стаў своеасаблівым экзаменам на вытрымку, уменні і навыкі:
– Не скажам, што было проста. Але пераканаліся, што разам можам і на сцэне выступаць, і шмат гасцей пачаставаць. Канешне, гэта каштоўны вопыт. А таксама шмат прыемных успамінаў і фотакадраў, якія сталі гісторыяй нашай сям’і. Шчыры дзякуй кіраўніцтву
ААТ «Нача», калегам, сябрам і родным, якія дапамагалі і падтрымлівалі.
Вельмі было прыемна назіраць, як трымаліся адзін за аднаго Купрышы, як хваляваліся за маладую сям’ю іх бацькі. А як дружна балелі за канкурсантаў калегі! Намеснік дырэктара ААТ «Нача»
Галіна Рамейка і гасцей частавала, і арганізацыйныя пытанні вырашала. У такія моманты разумееш, якія ж мы, беларусы, моцныя сяброўствам.
Сям’я Купрышаў падкрэслівае, што і ўдзельнікі абласнога этапу праекта паміж сабой з’ядналіся і нагадвалі адну вялікую сям’ю. Калі нешта ў кагосьці не атрымлівалася, адзін аднаго выручалі.
– Ляхавіччына стала для нас другім домам, дарагой малой радзімай, якая гасцінна сустрэла і падтрымала ў цяжкі час. А зараз яшчэ і праславіла. Вельмі любім горад Ляхавічы. Часта бываем у райцэнтры і маем там свае любімыя месцы. Дзецям падабаецца гуляць каля фантана, у парку і скверы. Прыязджаем сюды на выступленні нашай Лізы ў ГДК. Шчыра віншуем прыгожы горад з надыходзячым днём нараджэння. Працвітання яму і росквіту, – адрасуюць пажаданні Купрышы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.