Спорт плюс крэатыў – вяселле. Дню Незалежнасці ў Ляхавічах прысвяцілі спартыўныя мерапрыемствы

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

А яшчэ спорт – гэта заўсёды здароўе. Іменна яму праз фізічную культуру быў прысвечаны першы дзень актыўнасцяў, прымеркаваных да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Першым на стартавае поле выйшаў веласіпед. Дакладней, двухколавыя машыны розных фарматаў, класаў і памераў. Прыз «Самаму юнаму ўдзельніку велафэсту» заваяваў пяцігадовы Глеб Новік, падобнае заахвочванне ў найбольш «вопытнай» намінацыі дасталося Людміле Фаміной.
Як і многія вядомыя велагонкі, ляхавіцкі велафэст пачаўся з пралога. Яркі, касцюміраваны пелатон стартаваў ад стадыёна «Колас». Тым жа
маршрутам велакаманды, сярод якіх прадстаўнікі ААТ «Жарабковічы», ЛАКа, ЦРБ, СДЮШАР раёна, «Брацтва» ў складзе прыхаджан Крыжаўзвіжанскага храма горада Ляхавічы, ветэраны і юніёры, накіраваліся на спартыўныя выпрабаванні, каб прадоўжыць велагульні. Але ўжо ў фармаце конкурсна-тэматычнай віктарыны, велатурыстычнай эстафеты, кідання дроцікаў і іншага.
А тым часам паляна футбольнага поля была абсталявана пад бампербол. Што гэта за спорт? Хутчэй спартыўная забава, якая аб’ядноўвае ў сабе элементы футбола, ёсць нейкае падабенства з рэгбі. Канкрэтныя правілы адсутнічаюць: неабходна забіць мяч у чужыя вароты і не даць забіць саперніку ў свае. Але не так усё і проста. Занятак хоць і крэатыўна-жартоўны, з’яўляецца даволі-такі энергазатратным. Дзясятак-паўтара бегавых хвілін у
сферы ўсё ж стамляюць. Але бяруць верх эмоцыі.

Фізкультурна-спартыўна-крэатыўны дзень напярэдадні самага галоўнага дня краіны працягваўся, задаваў тон, сфарміраваў настрой на ўсе наступныя ўрачыстасці.
Увечары каля кінатэатра «Кастрычнік» разгарнулася маладзёжная праграма. На «Адкрыты мікрафон» землякоў запрасілі актывісты БРСМ і Маладзёжнага парламента. Праграма «Мы запальваем новыя таленты» чаканні спраўдзіла – рабяты здзіўлялі талентамі.
Фінішаваў першы ліпеньскі дзень дыскатэкай «Рытмы маладосці» ў гарадскім Доме культуры.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.