У Ліпску ўсе дарогі вядуць у «Родны кут»

На просьбу назваць лепшы магазін у сельскай мясцовасці старшыня праўлення Ляхавіцкага райпо Васілій Некрашэвіч без прамаруджвання назваў магазін «Родны кут» у аграгарадку Ліпск. Тут адзін з самых высокіх узроўняў тавараабароту сярод аналагічных аб’ектаў у раёне, устойлівы пакупніцкі попыт, выдатны кадравы складнік, парадак і непасрэдна ў гандлёвай кропцы, і на тэрыторыі вакол.

– Стараемся задаволіць запыты нашых пакупнікоў. Для гэтага сочым за тым, каб пастаянна абнаўляўся і папаўняўся асартымент магазіна. Напрыклад, летам у госці да дзядуляў і бабуляў прыязджаюць унукі, адпаведна, узрастае попыт на малочную прадукцыю і салодкасці. Штодзённа прывозім малако, ёгурты, тварагі. У нас вялікі выбар цукерак, абавязкова заказваем і марожанае. Вывучаем пакупніцкі попыт: калі ў продажы чагосьці няма, падаём заяўку ў райпо, і прадукт прывозяць. Разлічыцца можна як наяўнымі грашыма, так і пластыкавай карткай, – расказвае загадчыца магазіна Ірына Бурбіцкая.


Прадукт нумар адзін на стале беларусаў – хлеб, у гэту гандлёвую кропку духмяны прадукт прывозіцца кожны дзень.
– З задавальненнем землякі набываюць прадукцыю Ляхавіцкага кааппрама. Смачна і па кошце прымальна. Водгукі самыя лепшыя, – гаворыць Ірына Бурбіцкая.
Аб’ём тавараабароту магазіна ўражвае – у сярэднім ад 3 да 3,5 тысячы рублёў у дзень. Гэта пры тым, што ў Ліпску ёсць магазіны прыватнай формы ўласнасці. Справядлівая канкурэнцыя – і гандлёвая кропка раённага спажывецкага таварыства не толькі паспяхова трымаецца, але і нарошчвае абароты.
Як і належыць па санітарных нормах і правілах, у кожнага тавару свая раскладка і дазвольнае суседства. Асартымент багаты: памідоры, агуркі, чырвоныя буракі, цыбуля, морква, бульба, яблыкі, грушы, кавуны, апельсіны – не поўны пералік толькі агародніны, садавіны, што ёсць у наяўнасці.
Выконваюць прадаўцы і папярэднія заяўкі пакупнікоў па прамысловых таварах. Заказваюць землякі будаўнічыя матэрыялы, розныя мыйныя сродкі, прадметы асабістай гігіены, а перад пачаткам навучальнага года – тавары школьнага асартыменту.
Магазін выконвае і функцыю нарых-тоўшчыка. Як толькі паспяваюць у тутэйшых лясах чарніцы і іншыя ягады, вырастаюць грыбы, іх можна здаць у магазіне. Разлік адразу як грашыма, так і таварам на выбар.
Зручны і графік работы: з 8 да 21 гадзіны без выхадных і перапынкаў на абед. Удосталь часу, каб паспець зрабіць гаспадарчыя справы і ў магазін зайсці.
Візітоўка гандлёвай кропкі – ветлівыя і ўважлівыя прадаўцы. Абавязкова падкажуць, параяць, растлумачаць, прымуць заказ. Тон задае вопытная Ірына Бурбіцкая, якая ў прафесіі
30 гадоў, прычым чвэрць стагоддзя працуе менавіта ў магазіне ў сваім родным Ліпску, дзе нарадзілася і вырасла. Расказвае, што пакупніцкія густы землякоў ведае на памяць.
Калега Ірыны Бурбіцкай – Вікторыя Шпак, нядаўняя выпускніца Бара-навіцкага тэхналагічнага каледжа, дзе вучылася па накіраванні райпо. Дзяўчына пасля адпрацоўкі па размеркаванні вырашыла застацца ў спажыўкааперацыі, а дакладней, у Ліпску.
– Вікторыя малайчына! Яна вельмі стараецца, і самае галоўнае, што ўсё атрымліваецца. Умее наладзіць кантакт з пакупнікамі, працуе з энтузіязмам, яе энергіі можна па-добраму пазайздросціць, – характарызуе маладую калегу Ірына Бурбіцкая.
Такі сплаў вопыту і маладосці толькі на карысць агульнай справе.

Галіна КАНЬКО.