У радах герояў. У гонар каго ў Ляхавічах была перайменавана вуліца


Камандзір узвода аўтаматчыкаў Пётр Южакоў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

У Ляхавічах больш чым паўстагоддзя назад з’явілася вуліца Южакова ў гонар камандзіра ўзвода аўтаматчыкаў Пятра Южакова, які загінуў у баях на тэрыторыі раёна ў ліпені 1944 года. Пахаваны салдат у райцэнтры ў брацкай магіле на плошчы Перамогі.
Перайменаванне вуліцы з Юбілейнай на Южакова адбылося з мэтай увекавечвання памяці воінаў, якія аддалі жыццё пры вызваленні раёна згодна з рашэннем выканаўчага камітэта Ляхавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных. Назва вуліцы прыжылася. Тут прапісаны камунгас, Ляхавіцкае бюро Баранавіцкага філіяла РУП «Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры», шматкватэрнікі і домаўладанні прыватнага сектара, гандлёвыя аб’екты.
Сем гадоў назад паміж Ляхавічамі і Ніжнім Тагілам завязалася перапіска. На сайт газеты «ЛВ» звярнулася сваячка Пятра Кельсеевіча з просьбай даслаць фотаздымкі вуліцы, якая названа імем дарагога для яе сям’і чалавека. Яна пісала, што завуць яе Вольга Кузняцова, а Пётр Южакоў яе стрыечны дзед. Ім вельмі цікава ўсё, што з ім звязана. Штогод 9 Мая на парадзе сям’я ідзе ў калоне «Бессмяротнага палка» з партрэтамі Пятра Южакова і іншых родных. А ў 70-х гадах бабулі Вольгі – сёстры Пятра Южакова – прыязджалі ў Ляхавічы на магілу брата, а таксама для сустрэчы са школьнікамі СШ № 2. Рабяты з краязнаўчага гуртка «Следапыты» ў 60-я гады знайшлі родных Южакова і напісалі ім пра лёс іх гераічнага сваяка. Так завязалася сяброўства, якое працягвалася больш за два дзесяцігоддзі. Піянеры пісалі ў далёкі расійскі горад, як яны змагаюцца за прысваенне іх атраду імя Пятра Южакова, дасылалі фотаздымкі і заўсёды атрымлівалі адказ.
Сёння тыя пісьмы для расіянкі Вольгі Кузняцовай і яе дзяцей – каштоўнасць, дарагая памяць.
Да вайны ў Ніжнім Тагіле Пётр працаваў вадалазам, быў намеснікам начальніка выратавальнай станцыі. Дваццацігадовы юнак пайшоў на фронт дабравольцам. Закончыў курсы афіцэраў, ваяваў пад Масквой. 9 ліпеня споўніцца 79 гадоў, як рускі салдат назаўсёды застаўся ў беларускай зямлі…
Так вуліца, на якой калісьці размяшчаўся рынак, стала насіць імя салдата-вызваліцеля, а ў СШ № 2 у музеі баявой і працоўнай славы і сёння захоўваюцца звесткі пра Пятра Кельсеевіча. Памятаем усіх і кожнага, хто сваім жыццём заплаціў за мір, незалежнасць і згоду. Раўненне на герояў!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.